Паводле аналізу зброевага эксперта ВВС Крыса Партрыджа, ракеты, што ўдарылі па цэнтры Сумаў, з вялікай імавернасцю трапілі дакладна ў прызначаную цэль.
На відэа, дзе, як мяркуецца, зафіксаваны момант удару, можна бачыць лёт ракеты, хутчэй за ўсё балістычнай. Адмысловец тлумачыць, што менавіта такія ракеты, выпушчаныя па крутой траекторыі, характэрныя для ўдараў з найбліжэйшых да мяжы тэрыторыяў, як у выпадку з Сумамі, піша ВВС.
Балістычныя ракеты адрозніваюцца тым, што атакуюць зверху і могуць быць вельмі дакладнымі: калі іх не перахапіць і калі сістэма навядзення не дае збою, яны трапляюць у загадзя вызначаныя каардынаты.
«У любым выпадку ў ракету загадзя ўводзяцца каардынаты цэлі ў прызначаным месцы ўдару – гэтыя каардынаты звычайна дакладныя. Такім чынам, калі ракету не ўдалося "падмануць" або яе сістэма навядзення не адмовіла, то з высокай імавернасцю яна патрапіла туды, дзе была прызначаная ёй цэль», – гаворыцца ў матэрыяле.
Паводле Сяргея Крывашэенкі, кіраўніка Сумскай гарадской ваеннай адміністрацыі, менавіта другі ракетны ўдар стаўся найбольш смяротным. Паводле ягонай інфармацыі, другая ракета выбухнула ўжо ў паветры і, верагодна, была начыненая асколкавымі элементамі, каб нанесці максімальныя страты людзям на вуліцах. Большасць ахвяраў, як мяркуецца, загінула менавіта ад гэтых асколкаў.
Выбух адбыўся прыкладна за 200 метраў ад першага ўдару — у раёне з жылымі дамамі, школамі і крамамі. ГВА падкрэслівае: такі характар атакі сведчыць пра мэтанакіраваны ўдар расейскіх войскаў менавіта па мірных жыхарах і грамадзянскай інфраструктуры.
На ўдары адрэагавалі як амерыканскія, так і еўрапейскія палітыкі.
Так, ад імя Злучаных Штатаў свае спачуванні ў сувязі з ударам па Сумах выказаў дзяржсакратар ЗША Маркаў Руб’ёў.
,,«ЗША выказваюць глыбокія спачуванні ахвярам сённяшняга жахлівага расейскага ракетнага ўдару па Сумах. Гэта трагічны напамін пра тое, чаму прэзідэнт Трамп і ягоная адміністрацыя выдаткоўваюць столькі часу і намаганняў на спробы пакласці канец гэтай вайне і дасягнуць трывалага міру», – напісаў ён у сацсетцы Х.
Таксама выказаўся з гэтай нагоды пасланнік Трампа ва Украіне Кіт Келаг:
,,«Сённяшняя атака расейскіх войскаў на грамадзянскія аб'екты ў Сумах у Вербную нядзелю пераходзіць любую мяжу прыстойнасці. Ёсць мноства загінулых і параненых сярод мірнага насельніцтва. Як былы вайсковы начальнік, я разумею, што такое цэлеўказанне. І гэта няправільна. Вось чаму прэзідэнт Трамп намагаецца спыніць гэтую вайну», – напісаў Келаг.
Брытанскі прэм'ер Кір Стармэр адрэагаваў на расейскі ўдар заяваю пра тое, што Уладзімір Пуцін павінен пагадзіцца на поўнае і неадкладнае спыненне агню без усялякіх умоваў. Кіраўнік Францыі Эманюэль Макрон таксама рэзка адрэагаваў на абстрэл Сумаў і заклікаў свет да «наважных захадаў, каб прымусіць Расею спыніць агонь».
Раман Шавель belsat.eu