Блогер Андрэй Павук прыехаў да расейскай амбасады ў Вільні, каб запытаць, ці ведаюць яе супрацоўнікі пра ракетныя ўдары расейскіх войскаў па ўкраінскіх Сумах, падчас якіх загінула 32 чалавекі.
Блогер пад’ехаў да амбасады на ровары і пачаў весці стрым.
,,«Знаходжуся каля расейскай амбасады ў Вільні: там вось дзеткі гуляюць, бавяцца, там вось хлопцы, супрацоўнікі расейскай амбасады, таксама смяюцца. Вось хацеў спытаць, ці ведаюць яны пра сённяшнюю падзею», – з такіх словаў пачаў свой стрым блогер.

Спачатку Андрэй Павук спрабаваў даклікацца супрацоўнікаў амбасады, якія знаходзіліся на тэрыторыі. Але тым часам ровар блогера скраў незнаёмы мужчына. Калі Андрэй пабег за ім, незнаёмец крыкнуў яму нешта па-руску. Андрэй Павук мяркуе, што гэта супрацоўнік расейскай амбасады.
Пазней, падобна, гэты ж незнаёмец вярнуўся ўжо без ровара і стаў агрэсіўна нападаць на Андрэя Павука, спрабуючы вырваць у блогера тэлефон.
На месца падзей прыехала паліцыя і пачала разбіральніцтва, да разбіральніцтваў далучыліся іншыя супрацоўнікі амбасады.
«На жаль, што я магу сказаць: я сёння адзіны, хто прыйшоў да амбасады гэта [абурэнне з нагоды абстрэлаў Сумаў. – Рэд. «Белсату»] сказаць расейцам. На жаль, перасталі адбывацца ў Вільні масавыя акцыі незадаволення дзеяннямі расейскага кіраўніцтва. Я падумаў, што гэта мой доўг сказаць ім усё, што я думаю», – адзначыў Андрэй Павук, звяртаючыся да гледачоў стрыма.
Нагадаем, 13 красавіка Расея ўдарыла па ўкраінскім горадзе Сумы, у выніку чаго загінула 34 чалавекі, з іх двое дзяцей, 117 чалавек пацярпелі, з іх 15 – дзеці.
Раман Шавель belsat.eu