Рэкордная партыя выбухоўкі на мяжы! 580 кілаграмаў! Лукашэнкаўскія службы – найлепшыя, бо ўратавалі Расею ад тэрактаў! Такую карціну нам старанна малюе прапаганда. І адразу ж паказвае кадры падрыву Крымскага мосту. А што вы думалі? Усялякае магло б быць, каб не айчынныя мытнікі!
Затрыманы кіроўца, якому пагражае да 10-ці гадоў зняволення (зрэшты, нарадзінец украінскага Львова), спакойна апавядае гісторыю, як развіваліся падзеі. Выкарысталі, маўляў, уцёмную: перавезці мікрааўтобус яго папрасіў знаёмы Раман з Эстоніі, а ўласна аўта наагул належыць нейкаму Івану, які жыве ў Літве.
І ўсё! Высновы толькі – як у старой песні пра галоўнае: вінаваты Захад, почырк – украінскі, не рабіце так, бо будзе а-я-яй.
Як гэта знаёма, праўда? Які знаёмы почырк! Не ўкраінскі, не заходні, а танны прапагандысцкі почырк лукашэнкаўскага тэлебачання. Памятаеце джып на ўкраінска-беларускай мяжы са зброяй? Гэта нічога, што за стырном быў супрацоўнік КДБ. Так трэба. Ніхто ж не праверыць.
На гэтым п’еса ў адным акце канчаецца. А дзе ж журналісцкая праца, спадарыня Лебедзева? Дзе званкі замоўнікам, дзе каментар Івана ці Рамана, дзе праца расейскіх спецслужбаў, дзе допыты, дзе меркаваныя атрымальнікі выбухоўкі, дзе маршруты, па якіх яна мелася быць дастаўленая? Дзе ўрэшце версія таго, што крыважэрныя тэрарысты меліся падарваць у няшчаснай Расеі?
Беларускі МЗС, вядома ж, не ўтрымаўся, каб не выказацца наконт справы, у якую яму дакладна не трэба сунуць носа: маўляў, якія недальнабачныя польскія калегі, калі прапусцілі такі небяспечны груз!

Польскі даследчы інстытут NASK ужо папярэдзіў: гісторыя з выбухоўкаю на мяжы можа быць дэзынфармацыяй. Такога ж меркавання трымаюцца і польскія памежныя службы.
Але ў Менску свая праўда. Бо нават Пуцін падзякаваў Лукашэнку за пільнасць! Паводле Эйсмант, натуральна, бо Пяскоў маўчыць на гэты конт. Альбо ціхенька пасміхаецца: чым бы дзіця ні цешылася…
Супадзенне ці не, але выбухоўку паказалі акурат за дзень да таго, як Лукашэнка скіраваў у Маскву свайго прэм’ера Аляксандра Турчына дамаўляцца пра пастаўкі расейскай нафты на айчынныя заводы. Добры козыр перад тым, каб пачаць гандлявацца, праўда? Выбухоўка, палітзняволеныя, шантаж ядраваю зброяй – гэтым Лукашэнка ўмее выбіваць кошты.
Толькі на каго разлічаны чарговы спектакль, у якім закляты хаўруснік, што гэтак старанна працуе на бяспеку старэйшага брата, не можа запэўніць гэтай бяспекі на сваёй зямлі, дзе ледзь не штодзень падаюць дроны?