Еўракамісія падлічыла, колькі можа каштаваць гандлёвая вайна, распачатая ЗША. Аказалася, што найбольшыя эканамічныя страты панясуць не супернікі, а самі ініцыятары.
Паводле дакладу Еўразвязу, ВУП ЗША да 2027 года можа ўпасці амаль на 3,3 %, а сусветны гандаль скараціцца на 7,7 %.
Такія звесткі агучыў віцэ-прэзідэнт Еўракамісіі Валдзіс Дамброўскіс падчас прэс-канферэнцыі 11 красавіка:
«Паводле нашых апошніх разлікаў аб уплыве тарыфаў ЗША, ВУП Злучаных Штатаў скароціцца на 0,8–1,4 % да 2027 года. Негатыўны ўплыў на Еўразвяз будзе меншы – каля 0,2 % ВУП».
Калі ж гандлёвыя бар’еры стануць пастаяннымі або ўзмоцняцца, эканамічныя страты вырастуць: да 3,3 % ВУП для ЗША, 0,6 % для Еўразвязу і 1,2 % для эканомікі ўсяго свету.
Паводле Дамброўскіса, гэтыя звесткі не ўлічваюць магчымага падзення даверу з боку інвестараў і бізнесу да амерыканскай эканомікі. А менавіта гэта можа стаць каталізатарам яшчэ больш глыбокага крызісу.
«Пошліны супярэчаць палітычнай і эканамічнай логіцы глыбокага і даўняга трансатлантычнага партнёрства, якое ў 2023 годзе ацэньвалася на 1,6 трлн еўраў. Сусветныя фінансавыя рынкі ўжо негатыўна адрэагавалі, што прывяло да валатыльнасці і масавых распродажаў», – адзначыў ён.
Еўразвяз заяўляе пра гатовасць да перамоваў, але падкрэслівае: прыярытэтам застанецца абарона ўласных эканамічных інтарэсаў. У Бруселі зноў прагучала прапанова вярнуцца да нулявых тарыфаў на прамысловыя тавары.

«Пекін будзе змагацца да канца»
У адказ на апошнія дзеянні амерыканскага прэзідэнта Кітай павысіў імпартныя пошліны на тавары з ЗША да 125 %, цяпер у сукупнасці яны дасягаюць ужо 145 %. Такое рашэнне прыняла Мытна-тарыфная камісія Дзяржсавету КНР.
«Кітай неаднаразова заяўляў пра сваю прынцыповую пазіцыю ў дачыненні тарыфаў. У гандлёвай вайне няма пераможцаў. Мы не хочам удзельнічаць у ёй, але і не баімся яе. Калі ЗША сапраўды хочуць вырашыць праблему шляхам дыялогу, ім варта спыніць празмерны ціск і безразважныя дзеянні. Кітай ніколі з гэтым не пагодзіцца», — гаворыцца ў заяве «Сіньхуа».
Прадстаўнік МЗС Кітаю Лінь Цзянь таксама падкрэсліў, што любыя перамовы павінны адбывацца «на прынцыпах роўнасці», і калі Вашынгтон працягне эскалацыю, Пекін будзе «змагацца да канца».
Нагадаем, нядаўна прэзідэнт ЗША Доналд Трамп зрабіў новы крок у гандлёвай вайне, абвясціўшы ўвядзенне 25-адсоткавага мыта на імпарт аўтамабіляў і іх частак.
Трамп сцвярджае, што такое рашэнне паспрыяе росту амерыканскай аўтапрамысловасці, прыцягненню інвестыцыяў і стварэнню новых працоўных месцаў. Аднак, паводле экспертаў, такія захады могуць прывесці да падзення вытворчасці ў ЗША, росту цэнаў і пагаршэння стасункаў з хаўруснікамі.
Надзея Вольная belsat.eu