9 красавіка суд задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі Украіны да ААТ «Беларуськалій» адносна спагнання ў даход дзяржавы актываў прадпрыемства.
У Мінюсце Украіны «Беларуськалій» назвалі асноўным дзяржаўным вытворцам калійных угнаенняў у Беларусі і адным з найбуйнейшых падаткаплатнікаў у бюджэт краіны, што цалкам кантралюецца «самаабвешчаным прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам». Таксама заяўляецца, што кампанія сваімі дзеяннямі спрыяе вядзенню вайны супраць Украіны і незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.
У выніку ў даход украінскай дзяржавы спагнана больш як 70 тыс. тонаў хлорыстага калію, грашовыя сродкі на больш як 250 млн грыўняў у эквіваленце (больш за 6 млн долараў), 1545 чыгуначных вагонаў і 48 % статутнага капіталу ТАА «АГРОСКВЕТ». Таксама «Беларуськалій» пазбаўлены права на кампенсацыю кошту прымусова адчужанай маёмасці.
Пра пазоў Мінюсту Украіны да «Беларуськалію» «Белсат» паведамляў 13 сакавіка. Між тым Нацыянальнае агенцтва вышуку і менеджменту актываў Украіны (АРМА) за мінулы месяц прадало 161 вагон з беларускімі ўгнаеннямі на амаль 3 млн долараў.
Якуб Хруст belsat.eu