Прадстаўнік прэзідэнта ЗША Стыў Ўіткаф 11 красавіка адправіўся ў Расею і плануе сустрэцца з расейскім лідарам Уладзімірам Пуціным. Пра гэта паведамляе амерыканскае выданне «Axios».
Афіцыйна звесткі пра візіт Стыва Ўіткафа ў Расею пакуль не пацверджаныя. Але «Axios» спасылаецца на ўласныя крыніцы і звесткі сэрвісу адсочвання палётаў «Flight Radar». Ўіткаф будзе сустракацца з Уладзімірам Пуціным ужо трэці раз з часу інаўгурацыі Доналда Трампа. Раней ён наведваў Расею ў лютым і сакавіку.
У публікацыі таксама сказана, што Доналд Трамп незадаволены адсутнасцю прагрэсу на перамовах аб перамір'і ва Украіне і нядаўна казаў, што яго «раз’юшыла» пазіцыя Масквы.
,,«Калі да канца гэтага месяца не будзе пагаднення аб перамірʼі, Трамп можа ўвесці дадатковыя санкцыі супраць Расеі або пры дапамозе прэзідэнцкага ўказа, або ж звярнуўшыся да Кангрэсу з просьбай прыняць новыя санкцыйныя законы», – піша «Axios».
Нагадаем, што 10 красавіка ў турэцкім Стамбуле на тэрыторыі генеральнага консульства РФ прайшоў чарговы раўнд расейска-амерыканскіх перамоваў. Перамовы праходзілі на ўзроўні дыпламатаў, у закрытым фармаце, і былі прысвечаныя нармалізацыі працы дыпламатычных місіяў.
24 сакавіка перамовы паміж ЗША і Расеяй праходзілі ў сталіцы Саудаўскай Аравіі Эр-Рыядзе, таксама ў закрытым фармаце. Ключавым пытаннем перамоваў быў 30-дзённы мараторый на ўдары ў энергетычную інфраструктуру. Па выніках перамоваў Белы дом паведамляў, што ЗША дамовіліся з Расеяй і Украінай гарантаваць бяспечнае суднаходства, адмовіцца ад ужывання сілы і перадухіліць выкарыстанне камерцыйных судоў у ваенных мэтах у Чорным моры. Таксама была дамоўлена распрацоўваць захады для рэалізацыі пагаднення аб забароне ўдараў па энергетычных аб'ектах Расеі і Украіны.
18 лютага ў Эр-Рыядзе таксама праходзілі перамовы расейскай і амерыканскай дэлегацыяў, пасля чаго Трамп правёў тэлефонныя размовы з Пуціным і Уладзімірам Зяленскім, абмяркоўваючы частковае спыненне агню.
Пакуль канкрэтныя тэхнічныя параметры замірэння так і не былі ўзгодненыя.
Якуб Хруст belsat.eu