З 11 да 13 красавіка ў Віцебскай вобласці праходзяць камандна-штабныя вучэнні з тэрытарыяльнымі войскамі Пастаўскага раёну. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве абароны Беларусі.
Мэтамі вучэнняў названыя ўдасканаленне навыкаў службовых асобаў у кіраўніцтве падначаленымі сіламі тэрытарыяльнай абароны, навучанне асабовага складу выкананню сваіх абавязкаў на штатных пасадах і ацэнка гатовасці падраздзяленняў тэрытарыяльных войскаў да выканання пастаўленых задачаў.
Падчас вучэнняў плануецца адпрацаваць пытанні аховы і абароны аб'ектаў тэрытарыяльнай абароны, барацьбы з дыверсійна-выведнымі групамі «ўмоўнага непрыяцеля», забеспячэння захадаў ваеннага становішча, у тым ліку з задзеяннем атраду народнага апалчэння, абароны населенага пункту.
За вучэннямі будзе назіраць начальнік Генеральнага штабу Узброеных сілаў – першы намеснік міністра абароны Павел Муравейка. 9 красавіка рыхтаванне тэрытарыяльных войскаў у Паставах правяраў дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Аляксандр Вальфовіч, паведамляе мясцовы партал.
Нагадаем, што ўвосень улады Беларусі і Расеі рыхтуюць супольныя маштабныя вучэнні на беларускай тэрыторыі. Уладзімір Зяленскі мяркуе, што Расея можа скарыстаць тэрыторыю нашай краіны як плацдарм для нападу. У сваю чаргу, міністр замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што NATO гатовае адрэагаваць, калі ўзнікне такая неабходнасць.
Якуб Хруст belsat.eu