Савет Гомельскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў 10 красавіка абраў сваёй кіраўніцай Алену Клічкоўскую, якая да гэтага больш за 10 гадоў узначальвала ўпраўленне справамі Гомельскага аблвыканкаму. Не перашкодзіла гэтаму і тое, што чыноўніца заснула на інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі 25 сакавіка, піша «Флагшток».
Выданне адзначае, што абранне Алены Клічкоўскай кіраўніцаю прафсаюзаў Гомельшчыны было фармальнасцю, бо ейная кандыдатура была ўзгодненая яшчэ месяц таму.
Новая кіраўніца прафсаюзаў назвала сваімі задачамі рост колькасці чальцоў прафсаюзу ў недзяржаўным сектары эканомікі, а таксама «выхаванне моладзі, павелічэнне грамадзянска-патрыятычных акцыяў».
Клічкоўская сталася знакамітаю пасля таго, як на інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі 25 сакавіка ці то заснула, ці то доўга сядзела з заплюшчанымі вачыма. Праз два дні яна была адпраўленая ў адстаўку, але як выявілася, толькі для таго, каб заняць новую пасаду.
Якуб Хруст belsat.eu