Да родных блогера і вядоўцы «Белсату» Валера Руселіка ў Беларусі прыходзілі сілавікі. Адбылося гэта ў той самы дзень, як было афіцыйна паведамлена пра вяртанне журналіста на працу на нашым тэлеканале пасля перапынку.
«Ну што ж, учора пад вечар да маёй мамы ў Горадні зноўку прыходзілі два гаўнюкі – што праўда, гэтым разам не ў пагонах, апранутыя ў цывільнае. Зноўку пыталі пра мяне: дзе жыву, ці збіраюся вяртацца, ці кантактуе мама са мною і г. д. З новага – ці ёсць у мяне татуіроўкі і шнары, а таксама які ў мяне рост. Зноўку перапісалі дадзеныя маіх блізкіх сваякоў», – напісаў Валер Руселік у «Facebook».
За дзень да таго было паведамлена пра вяртанне яго на працу вядоўцам на «Белсаце».
Таксама сталася вядома, што шматгадовая кіраўніца «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы абвешчаная ў вышук Міністэрствам унутраных справаў Расеі. Як мяркуе яна сама – за стварэнне і кіраванне тэлеканалам.
Іншыя рэпрэсіі дня
Пра візіт сілавікоў паведаміла і актывістка Марына Касінерава: «Да мяне на прапіску (дзе я не жыву больш за 13 гадоў) ходзяць як на працу нават у непрацоўны час (уначы, калі людзі спяць), каб запытацца, ці дакладна я не ў Беларусі і калі прыеду. Вось зноў прыходзілі ўчора, перад гэтым у снежні аж два разы, дагэтуль у студзені КДБ зайшлі з вобшукам за подпісам Шведа, маці адвезлі на допыт, забралі 35 еўраў і дагэтуль не вярнулі, бо ідзе следства».
Таксама сілавікі прыйшлі да родных актывіста Дзмітрыя Карняенкі. Адбылося гэта пасля таго, як КДБ назваў яго прадстаўніком новага «экстрэмісцкага фармавання» «Хрысціянская візія». Прыходзілі да бацькі актывіста ў Воршы і да цешчы ў Віцебску.
Праз прызнанне «экстрэмісцкім фармаваннем» спыняе сваю працу праваабарончая ініцыятыва «Палітвязынка».
У Менску з чацвёртай спробы прадалі з аўкцыёну дом экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Валера Цапкалы, хоць у доме зарэгістраваныя двое непаўналетнія. Яго ўжо спрабавалі прадаць у лістападзе 2024 года са стартавай цаной 2,1 млн рублёў, у студзені 2025 года са стартавай цаной 1,68 млн рублёў і ў лютым са стартавай цаной 1,26 млн рублёў. У выніку яго прадалі за 1 157 200 рублёў пры пачатковай цане 841,6 тысячы. У красавіку 2024 года праз аўкцыён з другой спробы была прададзеная кватэра Цапкалаў. У 2023 годзе Валерыя Цапкала завочна асудзілі на 17 гадоў зняволення, а ў 2024-м – ягоную жонку Вераніку на 12 гадоў.
«Экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаныя сайт і Facebook-старонка адукацыйнай платформы для беларускіх дзяцей «Васьміног». Таксама ў «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» трапілі Telegram-канал «Mengele conf», старонка ў Instagram «tatiana.04.04_fotograf», сацсеткі медыя «adu.placе», старонка «УКантакце» «Bielaruski Nastup», Facebook-старонкі «BGmedia», «Belarus News Headlines», TikTok-старонкі «belarusupdatehub», «svaboda_news», «Сябр», «dorogavaad», «volnaya.belarus», «Lizaveta».
Якуб Хруст belsat.eu