Меркаваннi

Справа Анжалікі Мельнікавай: Трымаць галаву халоднаю

Анжаліка Мельнікава, спікерка Каардынацыйнай рады. Варшава, Польшча. 19 ліпеня 2024 года. Фота: Міра Ляселішская / Белсат
Анжаліка Мельнікава, спікерка Каардынацыйнай рады. Варшава, Польшча. 19 ліпеня 2024 года. Фота: Міра Ляселішская / Белсат
podpis źródła zdjęcia

Вось ужо амаль тры тыдні шырокай публіцы нічога не вядома пра тое, дзе цяпер Анжаліка Мельнікава, спікерка Каардынацыйнай рады. За гэты час дзясяткі ці нават сотні публічных і непублічных асобаў выказалі тэорыі, што ж магло здарыцца. А я, чытаючы рэзкія і бескампрамісныя заявы, згадваю старую показку, што імавернасць сустрэць дыназаўра – 50 %. Альбо сустрэнеш, альбо не.

Гэтак жа і з версіямі: адныя кажуць, што Мельнікава – дакладна агентка, іншыя – што гэтага ніяк не можа быць, хтосьці сцвярджае, што яе скралі, хтосьці – што забілі, хтосьці – што шантажом вымусілі прыехаць у Беларусь, а хтосьці – што яна забрала ўсе грошы (сумы абмяркоўваюцца розныя ў залежнасці ад фантазіяў канкрэтнага чалавека) і з’ехала далей ад палітыкі.

,,

Безумоўна, выказваць розныя тэорыі – гэта нармальна, асабліва ва ўмовах, калі верагоднай інфармацыі няма амаль ніякай. Але адкуль у людзей столькі ўпэўненасці, што менавіта іхная версія – правільная?


Напрыклад, палітык Анатоль Лябедзька некалькі дзён таму заяўляў наступнае: «Чаканні цуду ўжо прайшлі. Таму, хутчэй за ўсё, трэба сыходзіць з таго, што Анжаліка Мельнікава – на тэрыторыі Беларусі, у каардынатах рэжыму Беларусі. І тут прыхільнікам пераменаў няма спадзявання на нейкія добрыя навіны».

Кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак кажа, што Анжаліку не маглі гвалтоўна вывезці ў Беларусь і доўга хавацца недзе яна не зможа, бо «рана ці позна мусіць дзесьці з’явіцца, калі яна жывая». Рэдактары reform.news заяўляюць, што Мельнікава не магла быць агенткаю беларускіх спецслужбаў, бо няясна, нашто ім зліваць чалавека, які так глыбока ўкараніўся ў апазіцыйныя структуры.

Малюнак ў кабінеце Анжалікі Мельнікавай, спікеркі Каардынацыйнай рады. Варшава, Польшча. 19 ліпеня 2024 года. Фота: Міра Ляселішская / Белсат
Малюнак ў кабінеце Анжалікі Мельнікавай, спікеркі Каардынацыйнай рады. Варшава, Польшча. 19 ліпеня 2024 года. Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Усё гэта гучыць цікава і быццам бы лагічна. Але да ўсіх гэтых людзей у мяне толькі адно пытанне: адкуль такая ўпэўненасць? Ці яшчэ прасцей: а з чаго вы гэта ўзялі?

,,

І не, я не адмаўляю ніводнага з магчымых сцэнароў. Наадварот, я ўпэўненая, што з тым аб’ёмам дакладнай інфармацыі, якую мы маем, нельга ўвогуле нічога адмаўляць.


Чаканні цуду ўжо прайшлі? Дужа цікава, якія ж у нас нарматывы яго чакання і хто іх выставіў. Не можа доўга хавацца? Ну, мяркуючы з таго, што ў Брытаніі (а яна нібыта менавіта туды паляцела) праваахоўнікі яе не шукаюць, мо і надта хавацца не трэба. Лукашэнкаўскім спецслужбам нелагічна зліваць сваю агентку такога ўзроўню? Ладзіць масавыя рэпрэсіі і выганяць з краіны сотні тысячаў чалавек таксама гучыць як не самая разумная ідэя. А яшчэ я надта добра памятаю, што ў сярэдзіне лютага 2022 года шмат экспертаў аналізавалі, наколькі нелагічным будзе напад Расеі на Украіну. Нешта логіка ўсім нам не дужа дапамагла.

Я адмыслова абрала выказванні публічных асобаў, але яны рэпрэзентуюць тое, што апошнімі тыднямі пішуць сотні, калі не тысячы беларусак і беларусаў у сацыяльных сетках. І мяне пужае іхная рэзкасць і безапеляцыйнасць. Каюся, я і сама нядаўна на сваёй Instagram-старонцы напісала, што бачу толькі адзін магчымы варыянт: Анжаліка Мельнікава – у руках рэжыму Лукашэнкі. Але гэта была не аналітыка, а выбух эмоцыяў. Я памылялася, і сцэнароў па-ранейшаму вельмі шмат.

Але кожны дзень я бачу каментары і дыялогі, у якіх людзі ўпарта даказваюць, што магчымая толькі адна версія – іхная ўласная. Чаму? Ну, бо яны так адчуваюць, такі ў іх светапогляд.

,,

Як правіла, іхная «адзіная магчымая» версія робіцца лагічным працягам іхнага стаўлення да дэмакратычных сілаў ці асобных палітычных структураў.


Спікерка КР Анжаліка Мельнікава на канферэнцыі «Новая Беларусь». Вільня, Літва. 4 жніўня 2024 года. Фота: Белсат

З рахунку фонду зніклай спікеркі КР Анжалікі Мельнікавай знялі грошы – крыніца «Белсату»

навіны

Хто ненавідзіць Каардынацыйную раду, бачыць у знікненні Мельнікавай пацверджанне сваёй пазіцыі – нічога гэтая рада не ўмее, працуюць там адныя агенты, яны ўсім нам толькі шкодзяць і ўвогуле дармаеды, не хочуць праходзіць правярання паліграфам, у іх кепскія пратаколы бяспекі, ім пляваць на ўсіх, акрамя сябе.

Тыя ж, хто мае да КР вялікія сімпатыі, таксама больш упэўніваюцца ў сваёй праваце – Мельнікаву выкралі і, магчыма, забілі, бо яна, як і ўвесь КР ды НАУ, дужа небяспечная для рэжыму Лукашэнкі, і той гатовы на ўсё, абы яе спыніць.

Архіўнае фота. Анжаліка Мельнікава на сустрэчы з дэпутатамі Бундэстагу. Берлін, Нямеччына. 15 кастрычніка 2024 года. Фота: прэс-служба Офісу Святланы Ціханоўскай

Што дакладна вядома пра знікненне Мельнікавай? Ейны тэлефон мог і не быць у Беларусі

Аналітыка

За апошнія гады нашае грамадства вельмі радыкалізавалася, і я часцей заўважаю, што шмат хто ўсё жыццё цяпер успрымае як фронт. На фронце ўсе, хто з табою не пагаджаецца на 100 %, – ворагі. Задаваць складаныя пытанні і прасіць паглядзець на сітуацыю шматбакова? Гэта небяспечна тым, што цябе адразу ж прыпішуць да варожага боку. А давесці штосьці чалавеку, які лічыць цябе сваім ворагам, ужо вельмі і вельмі складана.

А яшчэ гэтае бачанне жыцця як фронту прыводзіць да таго, што мы нібыта апрыёры чакаем адно ад аднаго самаахвярнасці і гераізму. І асабліва гэтага гераізму чакаюць ад журналістак і журналістаў. Мы мусім, гэта нашая праца, мы ведалі, на што ішлі – і ўсё ў гэтым духу. Апошнімі днямі мне здаецца, што ў грамадства больш патрабаванняў да нас, каму паліцыя нічога не паведамляе, і з кім палітыкі не дзеляцца інфармацыяй, якая дапамагла б нам расследаваць знікненне Мельнікавай, чым уласна да гэтых палітыкаў. Усе ўжо нібыта забылі, што ў бальшыні рэдакцыяў апошнім часам моцна зменшыліся рэсурсы, што раскапаць у такіх умовах мы можам няшмат. І што самі мы пад вялікім прэсінгам. Але ж калі чалавек ужо бачыць свет як падзелены на сваіх і ворагаў, дык мы, не выконваючы ягоныя пажаданні, аўтаматычна становімся ворагамі.

Анжаліка Мельнікава на слуханнях у польскім Сейме. Варшава, Польшча. 8 студзеня 2025 года. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Суседзі заўважылі знікненне Мельнікавай прыкладна за тыдзень да таго, як яе пачалі шукаць

навіны

Толькі ўсе эмацыйныя заявы, заснаваныя на інтуіцыі ці нечым падобным, ніяк не дапамагаюць. Час ідзе, напружанасць паміж людзьмі і варожасць адно да аднаго растуць, а мы па-ранейшаму не ведаем, дзе Анжаліка і ці жывая яна ўвогуле. Зрэшты, у тым, што дзеці – у Беларусі, мы таксама не можам быць упэўненыя: мы ж не ведаем дакладна, хто адказваў на званкі журналістаў. Магчыма, гэта і праўда былі маці і былы муж, а можа, і не.

У гэтай гісторыі ўсё і праўда вельмі неадназначна. І цяпер самы час трымаць галаву халоднаю.

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
апошнія
Item 1 of 10