Шматгадовая кіраўніца «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы таксама ў вышуку Міністэрства ўнутраных справаў Расеі. Яна адчувае гонар за тое, што ейная дзейнасць была заўважаная.
Афіцыйна невядома, у чым вінавацяць Агнешку Рамашэўскую-Гузы і на якой стадыі ейная справа. Расея публічна не абвяшчала пра выстаўленыя супраць яе абвінавачванні. Паводле базы звестак сайту «Медиазоны», яе абвесцілі ў вышук у перыяд з лістапада 2024-га да сакавіка 2025 года, піша «Gazeta Prawna».
«Я ганаруся, бо гэта значыць, што мая 17-гадовая дзейнасць была ацэненая па заслугах. Мне сапраўды шкада, што я не змагу паехаць у Расею наведаць сяброў, але ў цяперашняй сітуацыі я б гэтага рабіць не стала», – кажа Рамашэўская-Гузы, якая ўзначальвала «Белсат» у 2007–2024 гадах.
Верагодна, менавіта гэтая ейная дзейнасць і прывяла ў спіс асобаў, якіх вышуквае МУС РФ.
,,«Гэтая база звестак уяўляе сабой агляд краінаў былога СССР. Палякаў параўнальна няшмат, таму я адчуваю некаторы гонар ад таго, што мая дзейнасць была заўважаная», – расказвае яна.
Нагадаем, што ў абноўленым спісе асобаў, якіх вышуквае МУС Расеі, з’явілася галоўная рэдактарка «Белсату» Аліна Коўшык, а таксама некалькі асобаў, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам: вядоўца Валярына Кустава, гісторык Цімох Акудовіч, Вольга Швед (вядома, што яшчэ ў 2022 годзе Следчы камітэт завёў на яе крымінальную справу паводле арт. 130 КК «Распальванне нацыянальнай варожасці» за фільм пра Кастуся Каліноўскага), а таксама былы выканальнік абавязкаў дырэктара тэлеканалу Аляксей Дзікавіцкі. Агулам база налічвае больш як 4700 беларусаў.
Якуб Хруст belsat.eu