навіны

Латушка расказаў пра наступныя крокі ў расследаванні знікнення Мельнікавай

Спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава. Варшава, Польшча. 19 ліпеня 2024 года. Фота: Міра Ляселішская / Белсат
Спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава. Варшава, Польшча. 19 ліпеня 2024 года. Фота: Міра Ляселішская / Белсат
podpis źródła zdjęcia

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка паведаміў «Белсату» апошнія звесткі, што ён атрымаў ад праваахоўных органаў Польшчы датычна знікнення спікеркі Каардынацыйнае рады Анжалікі Мельнікавай, а таксама расказаў пра наступныя свае крокі ў гэтай справе.

«Апошняя інфармацыя, якую я атрымаў учора ўвечары [8 красавіка. – Заўв. рэд. belsat.eu], гэта тое, што яе месца перабывання не выяўленае. Мы ведаем таксама, што пракуратура прыняла нагляд дадзенай справы. Я звяртаўся да генеральнага пракурора Польшчы і міністра юстыцыі. Мы ведаем, што пракуратура будзе прымаць пастанову, хто далей будзе весці расследаванне ў гэтай справе. Сёння займаецца аддзел барацьбы з тэрарызмам і забойствам сталічнай камендатуры паліцыі. Магчыма, справа будзе перададзеная польскім спецслужбам, але гэтая пастанова ў кампетэнцыі пракурора», – расказаў палітык.

Ён плануе дамагацца новай сустрэчы ў Міністэрстве ўнутраных справаў або паліцыі Польшчы, каб атрымаць больш звестак пра хаду следства. Таксама будзе прасіць сустрэчы з пракурорам, які ажыццяўляе вядзенне справы. Таксама будуць прааналізаваныя магчымыя рызыкі, звязаныя з знікненнем спікеркі КР.

,,

«Нам важна знайсці Анжаліку Мельнікаву. Нам важна даведацца пра ейны лёс, што з ёю сталася, што з ёю цяпер адбываецца», – сказаў Павел Латушка.


Спікерка Каардынацыйнае рады Беларусі Анжаліка Мельнікава, лідарка ​​беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская і кіраўнік НАУ Павел Латушка бяруць удзел у Маршы беларусаў супраць прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Варшава, Польшча. 26 студзеня 2025 года. Фота: Marek Antoni Iwanczuk / SOPA Images / LightRocket via Getty Images

Знікненне Мельнікавай: праваахоўнікі Польшчы дадаткова правяраюць пагрозы на адрас Латушкі

навіны

Рымашэўскі: Агенты спецслужбаў сябе так не паводзяць

Спікер фракцыі хрысціянскіх дэмакратаў у Каардынацыйнай радзе Віталь Рымашэўскі ў каментары «Белсату» адзначыў, што не можа «кепскага слова» сказаць пра Анжаліку Мельнікаву. Хоць яна належала да іншай фракцыі, спікерка давала выказвацца і працаваць прадстаўнікам усіх групаў. Больш за тое, дзейнасць КР, у тым ліку ў фінансавым плане, пры ёй сталася нашмат больш празрыстай, чым была да таго. Пасля знікнення Мельнікавай Рымашэўскі камунікаваў з ёю толькі адзін раз.

«Адзін раз патэлефанаваў ёй у лютым. І яна спаслалася на тое, што хворая, і размова хутка скончылася. Я думаў, не буду там чапляцца, але ўсё зацягнулася, я з ёю перапісваўся. І яна не выцягвала мяне на размову. Што можна ўявіць, калі б яна была пад кантролем. Я б сказаў так: пазбягала пашыраць гэтых тэмаў, напрыклад, канферэнцыі ва Украіне, якую ладзіла Каардынацыйная рада разам з іншымі. Так не паводзіць сябе чалавек, які супрацоўнічае [са спецслужбамі. – Заўв. рэд. belsat.eu]», – расказаў Рымашэўскі.

Да таго ж менавіта атаку спецслужбаў ён назваў галоўнай версіяй знікнення Мельнікавай. У тым ліку таму, што пры ёй КР займела афіцыйную пляцоўку ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы – у студзені Каардынацыйная рада ўпершыню ўзяла ўдзел у сесіі ПАРЕ.

,,

«Гэта вельмі высокі ўзровень. Такога ўзроўню камунікацыі з дэмакратычнымі сіламі не было з часу, калі Лукашэнка разагнаў Вярхоўны Савет [у 1996 годзе. – Заўв. рэд. belsat.eu]», – сказаў Рымашэўскі.


Анжаліка Мельнікава на слуханнях у польскім Сейме. Варшава, Польшча. 8 студзеня 2025 года. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Суседзі заўважылі знікненне Мельнікавай прыкладна за тыдзень да таго, як яе пачалі шукаць

навіны

Цяпер, паводле яго, міжнародныя партнёры КР разгубленыя, у тым ліку таму, што Мельнікава мела доступ да камунікацыяў на самым высокім узроўні. То бок, адзначыў палітык, спецслужбы «дасягнулі сваёй мэты».

Латушка: КР працягвае дзейнасць

Латушка адзначыў, што, нягледзячы на знікненне спікеркі, Каардынацыйная рада як абраны беларусамі інстытут працягвае сваю дзейнасць. Ён падкрэсліў таксама, што ўлады Беларусі распачалі крымінальныя справы супраць усіх 257 асобаў, якія былі нават кандыдатамі ў КР.

Што датычыць закрытай інфармацыі Каардынацыйнай рады, якая б у сувязі з знікненнем Мельнікавай магла трапіць «у непажаданыя рукі», то, паводле звестак сакратарыяту КР, спікерка не мела доступу да звестак пра дзейнасць КР першага і другога складаў да чэрвеня 2024 года. Таксама чальцы КР не перадавалі звесткі пра свае хатнія адрасы. Не было і базы звестак пра асобаў, якія кантактавалі з Каардынацыйнай радаю, то бок і гэтая інфармацыя не можа быць выкрытая.

,,

«Зразумела, нельга недаацэньваць рызыкі, што ўзнікаюць, але нельга і пераацэньваць. Гэта публічны орган, які адкрыта вядзе сваю дзейнасць», – сказаў Латушка.


З Анжалікай Мельнікавай няма сувязі з 25 сакавіка. 7 красавіка ейны былы муж пацвердзіў, што іхныя непаўналетнія дочкі цяпер разам з ім на тэрыторыі Беларусі.

Каардынацыйная рада 8 красавіка паведаміла, што было зафіксаванае знаходжанне тэлефону Мельнікавай у Менску 19 сакавіка, а 13 сакавіка з ейнага акаўнту былі спампаваныя файлы, што датычаць працы Каардынацыйнае рады.

Макар Мыш, Ірына Дарафейчук belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10