Журналіст і блогер Валер Руселік, які шмат гадоў працаваў на нашым тэлеканале, пасля пэўнага перапынку вяртаецца на «Белсат».
«Я вярнуўся на «Белсат» туды, адкуль і сыходзіў – у інфармацыйны аддзел, у беларускую рэдакцыю. Таму прынамсі пакуль што папрацую ў звыклым для мяне рэчышчы: крыху вядоўства ў студыі, крыху журналісцкіх матэрыялаў для «Аб’ектыву». Магчыма, з'явіцца новая аўтарская праграма, але – пазней, у новым сезоне. Пажывем-пабачым», – адзначае журналіст.
Валер Руселік прызнаецца: адчуванні ад вяртання змяшаныя. Змяніліся людзі – шмат новых твараў, змянілася і памяшканне, дзе месціцца рэдакцыя.
«З аднаго боку, вельмі прыемна пабачыць маіх цудоўных калегаў, з якімі шмат гадоў працавалі разам. Файныя людзі! Таксама пакрысе знаёмлюся з новымі для мяне, але не менш файнымі, калегамі. З іншага боку, адчуваю пэўную разгубленасць, бо акрамя непасрэднай працы трэба залатвіць розныя дакументацыйныя фармальнасці і тэхнічныя моманты, наагул трэба пазнаёміцца, як тут што цяпер працуе. Усё-ткі мяне не было два з паловай года. Лічы, я цалкам сыходзіў з прафесіі і не планаваў вярнуцца. Ну, але жыццё часам круціць гэткія фінты, якіх не заплануеш», – кажа ён.
І адзначае: «Атмасфера не таксічная, прыемная, сяброўская, мне камфортна працуецца».
Якуб Хруст belsat.eu