У Менску працягваецца рамонт Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Максіма Горкага, вядомага раней як Расейскі драматычны тэатр. Будынку вернуць рысы сінагогі, у будынку якой ён размешчаны.
Рамонт тэатру імя Максіма Горкага плануюць завяршыць у 2026 годзе. Ужо цалкам завершаныя дэмантажныя працы. Цяпер пракладваюць новыя інжынерныя сеткі, залітыя чарнавыя падлогі і бетонны падмурак для новага ганку. Выкананая гідраізаляцыя падмурку, часткова заменены дах і пачатае ўсталяванне новай, зручнейшай сцэнічнай механікі.
,,«Не так даўно быў праведзены капітальны рамонт у 2021 годзе, але ён быў пунктавы, мы закранулі толькі планшэт сцэны і светлавое абсталяванне, кульгаў у тэатры гук. Цяпер у нас будзе ўсталяванае высакакласнае гукавое абсталяванне, былі праведзеныя акустычныя выпрабаванні», – расказала СТВ Наталля Грамыка, першая намесніца дырэктара тэатру.
Яна кажа, што пасля рамонту ў глядацкай зале будзе 380 камфортных месцаў. Адкрыюць участак зводу столі з аўтэнтычнай роспісам і гістарычны роспіс на цокальным паверсе, адновяць ляпніну парталу сцэны і бакавых ложаў. Для наведнікаў адкрыюць недаступную раней частку фае.

Апроч таго, адбудуцца змены і звонку – галоўны фасад здабудзе элементы маўрытанскага стылю, а ўваходную групу ўпрыгожаць афішныя слупы і ляпніна з арфаю.
З вяртаннем аўтэнтычных роспісаў і элементаў маўрытанскага стылю тэатр стане больш падобным да свайго першапачатковага выгляду – менскай харальнай сінагогі. Святыня была пабудаваная ў 1906 годзе менавіта ў маўрытанскім стылі, але ў 1921 годзе яе канфіскавалі і пераабсталявалі спачатку ў габрэйскі, а затым і ў расейскі тэатр. Пасля Другой сусветнай вайны будынак тэатру быў перабудаваны.
Якуб Хруст belsat.eu