Аляксандр Лукашэнка сваім указам № 142 ад 7 красавіка, які сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым партале, звольніў 16 суддзяў. Прынамсі палова з іх брала ўдзел у рэпрэсіях супраць беларусаў.
Паводле дакументу, цяпер ужо былая суддзя Наваполацку Зінаіда Балаболава выдала ў палітычных справах штрафаў як мінімум на 202 тыс. рублёў, адмінстратыўных арыштаў – на 1089 содняў.
Суддзя Менскага гарадскога суда Аксана Будоўская ў 2021 годзе ліквідавала арганізацыю «Звяно» і «Мясцовы фонд развіцця», ейная калега Алена Пруднікава – арганізацыю «Альтэрнатыва».
Тамара Унукевіч была суддзёй прынамсі ў трох дзясятках палітычных працэсах, што прайшлі з 9 лютага 2021 года да 26 лістапада 2024 года. Прысуды ў большасці выпадкаў невядомыя, але максімальны з іх яна вынесла на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Суддзя Калінкавіцкага раёну Галіна Загвоздзіна выносіла, як мяркуецца, адзін палітычны прысуд у 2024 годзе, рашэнне невядомае.
Вольга Палуян з суда Магілёўскага раёну ў 2020 годзе аштрафавала прынамсі чатырох асобаў сумарна на 40 базавых велічыняў і арыштавала яшчэ аднаго на 8 содняў паводле арт. 23.34 КаАП.
Суддзя Шумілінскага раёну Алена Сініцкая вынесла штрафаў на 1530 рублёў, у тым ліку за супрацу з «Белсатам» яшчэ ў 2019 годзе, і ўдзельнічала сама меней у трох крымінальных працэсах. А ў Алены Цыкуновай з суда Чэрыкаўскага раёну на рахунку прынамсі дзве палітычныя справы.
Якуб Хруст belsat.eu