Берасцейскі акумулятарны завод «АйПаўэр» сыходзіць у часовы прастой да 12 траўня і скарачае штат працаўнікоў, піша «Еўрарадыё». З чым звязаная неабходнасць прастою і колькі працаўнікоў звольняць, не ўдакладняецца.
Пра сыход у прастой журналісту «Еўрарадыё» паведамілі ў аддзеле кадраў прадпрыемства, куды ён патэлефанаваў пад выглядам беларуса, які шукае працу. Нагодай для званку сталіся чуткі, што завод можа неўзабаве зусім закрыцца.
«АйПаэўр» быў цалкам пабудаваны ў Берасці на пачатку 2020 года. Прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці шырокага спектру акумулятарных батарэяў, а таксама батарэяў для крыніцаў бесперабойнага сілкавання і сістэмаў назапашвання энергіі. На заводзе стварылі 138 працоўных месцаў.
Ад самага пачатку, калі яшчэ толькі былі агучаныя планы будавання заводу, праект сутыкнуўся з маштабнымі пратэстамі берасцейцаў і экаактывістаў – яны непакоіліся пра магчымую рызыку прадпрыемства для здароўя і наваколля. З сакавіка 2018 года жыхары Берасця штотыдзень выходзілі на пратэсты пад выглядам «кармлення галубоў» на цэнтральнай плошчы гораду, Леніна.
Уладальнікам «АйПаэўру» быў пінскі прадпрымальнік Віктар Лемяшэўскі. Падчас будавання заводу ён стаў фігурантам крымінальнай справы за даванне хабару, трапіў у СІЗА КДБ. Выйшаў на волю пад заклад у канцы 2019 года, а ў траўні 2020 года быў вымушаны перадаць «АйПаэўр» новым уласнікам.
Імі сталі ўладальнік дылеру складской тэхнікі «Сем узгоркаў» Сяргей Кагановіч (85 % у статутным фондзе) і былы кіраўнік хакейнага клубу «Дынама» (Менск) ды падазраваны ў забойстве актывіста Рамана Бандарэнкі ўвосень 2020 года Дзмітрый Баскаў з доляй 15 %. Тады ж прадпрыемства перайменавалі ў «Акумулятарны альянс».
У сярэдзіне 2021 года завод распачаў працу.
З 2022 года кампанія пайшла на расейскі рынак: была набытая гуртова-раздробная кампанія «Озбетериз», што займаецца продажам акумулятараў у Паўночна-Заходнім рэгіёне Расеі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu