8 красавіка ў гарадах і раёнах Берасцейскай вобласці адбудзецца правяранне сістэмы апавяшчэння насельніцтва з уключэннем электрасірэнаў. Як адзначаюць у МНС, гэты захад мае тэхнічны характар і не патрабуе ад жыхароў ніякіх дзеяў.
У ведамстве заклікаюць насельніцтва захоўваць спакой і не хвалявацца ў сувязі з гукам сігналаў трывогі.
Прычыны частых тэхнічных правяранняў сістэмаў апавяшчэння ў Берасцейскай вобласці афіцыйна не тлумачацца. Але адзначаецца, што апошнім часам падобныя захады сталіся больш рэгулярнымі ў рэгіёнах Беларусі, што мяжуюць з Украінаю.
Раней, 30 студзеня і 20 сакавіка, аналагічныя дзеянні праходзілі ў Гомельскай вобласці. Агульнанацыянальнае тэхнічнае правяранне сістэмы апавяшчэння адбылася ў Беларусі 13 сакавіка, падчас якой у эфіры FM-радыёстанцый транслявалася паведамленне:
«Увага! Праводзіцца тэхнічнае правяранне сістэмы апавяшчэння. Тэхнічнае правяранне завершанае».
Паведамляецца таксама, што ў паветраную прастору Гомельскай вобласці рэгулярна ўрываюцца беспілотнікі, што, верагодна, належаць Расеі і выкарыстоўваюцца для атак на ўкраінскія аб’екты. У Беларусі было зафіксавана некалькі выпадкаў падзення дронаў на будынкі. Пры гэтым беларускія ўлады ні разу не паведамлялі, што ўключэнне сірэнаў звязанае з пранікненнем беспілотнікаў.
Надзея Вольная / belsat.eu