За выходныя колькасць аўтамабіляў, што чакаюць заезду з Беларусі ў Польшчу, рэзка павялічылася – чарга на адзіным даступным пункце пропуску «Берасце – Тэрэспаль» стала даўжэйшай у 3,5 разу.
Паводле звестак Памежнага камітэту Беларусі, 7 красавіка а 10-й гадзіне раніцы там чакалі ўжо 460 легкавікоў, тады як 4 красавіка ў гэты ж час было толькі 130 машынаў.
Невялікія чэргі ўтварыліся таксама перад літоўскім пунктам пропуску «Мядзінінкай», дзе на раніцу 7 красавіка чаргі чакалі 20 легкавікоў. Пры гэтым на заезд у Латвію аўтамабільных чэргаў няма.
Працягваюцца істотныя затрыманні для грузавога транспарту на мяжы з краінамі Еўразвязу. Усяго раніцай 7 красавіка на выезд у ЕЗ стаялі 1940 грузавікоў, з якіх найбольшая чарга (590 аўтамабіляў) – перад польскім пунктам «Кукурыкі – Казловічы».
Нагадаем, праблемы з мінаннем мяжы ўзмацніліся пасля таго, як Польшча і Літва закрылі большасць памежных пунктаў з Беларуссю ў адказ на палітычныя рэпрэсіі і міграцыйны крызіс. Цяпер для легкавых аўтамабіляў на беларуска-польскай мяжы дзее толькі адзін пераход – «Берасце – Тэрэспаль», які рэгулярна збірае вялікія чэргі.
На сённяшні момант Польшча не разглядае магчымасці адкрыць пункты пропуску на мяжы з Беларуссю, бо з боку ўладаў Беларусі ў гэтым пытанні няма крокаў насустрач, заявіў падчас прэс-канферэнцыі ў Беластоку 13 студзеня міністр унутраных справаў і адміністравання Польшчы Томаш Семоняк.
Семоняк зазначыў, што польскі бок вельмі хацеў бы, каб памежныя пераходы з Беларуссю былі адкрытыя, аднак «няма ніякіх прыкметаў, што гэта адбудзецца ў найбліжэйшай будучыні».
Прычына такога стану – на беларускім боку, заявіў міністр і нагадаў, што журналіст Анджэй Пачобут дагэтуль застаецца за кратамі. Ягонае вызваленне раней ставілася ўмоваю для адкрыцця памежных пераходаў.
Надзея Вольная / belsat.eu