Новая Вялікая дэпрэсія на парозе. Прыляціць і па Беларусі

На пачатку красавіка Трамп абвясціў гандлёвую вайну ўсім свеце. Трэцяга красавіка, не першага. Ён абвясціў надзвычайнае становішча з-за пагрозы адмоўнага гандлёвага балансу з іншымі краінамі.

Тое, што ЗША гандлююць з усім светам у мінус, даўно не сакрэт. Апошні раз там імпарт сыходзіўся з экспартам больш за 30 гадоў таму. Амерыканскія тавары якасныя, але дарагія. Заробкі ў ЗША вельмі высокія, таму самі кампаніі з задавальненнем пераносілі вытворчыя магутнасці ў іншыя краіны. Не сакрэт, што вытворцы тых жа айфонаў – Кітай, Індыя і Вʼетнам.


Аднак ідэя развязаць усе праблемы адным махам, фактычна забараніўшы імпарт усяго, – гэта нешта з Лукашэнкі ці бальшавікоў. Узровень мыта сапраўды забаронны. Для Кітаю – плюс 34 % да ўжо наяўных 20-ці, для Еўропы – 20 %, Шры-Ланкі – 44 %. Расеі і Беларусі ў спісах няма, але гэта слабое суцяшэнне.


Мыта мае быць уведзенае 9 красавіка, і калі гэта здарыцца, чакайце новую Вялікую дэпрэсію, ну ці – як мінімум фінансавы крызіс ва ўсім свеце, падобны да таго, што быў у 2008–2009-м гадах. Пакуль жа рынак адрэагаваў рэзкім падзеннем коштаў акцыяў у ЗША, мінус 4–6 % за адзін дзень – гэта вельмі шмат. Еўра ўмацаваўся да долара амаль да 1,11.


І калі вам здаецца, што гэта – дзесьці тамака, далёка, за акіянам, не спяшайцеся цешыцца. Механізм працуе так: ЗША – гэта чвэрць міжнароднага рынку спажывання. Падзенне там выклікае рэзкае падзенне попыту на ўсе рэсурсы, у тым ліку і на нафту з газам. Расея, для якой экспарт вуглевадародаў – аснова эканомікі, застаецца без грошай, і ўся гэтая прыгажосць прылятае да нас, у Беларусь.


У 2008-м годзе на гэта спатрэбілася недзе паўгода, пабачым – што будзе гэтым разам. Калі, вядома, ніхто не спыніць Трампа. 

Таксама ў новым выданні «Атмасферы» з Аляксандрам Кныровічам:


  • Літва распрадае сканфіскаваную беларускую тэхніку.
  • Расейцы выставілі мільённы пазоў Беларускаму металургічнаму заводу.
  • «БелДжы» губляе расейскі рынак.


Калаж з фота: Robert Nickelsberg/Getty Images; Chip Somodevilla/Getty Images


belsat.eu