Гэта здарылася праз чатыры месяцы пасля спробы Юн Сок Ёля абвясціць у краіне ваеннае становішча. Канстытуцыйны суд Паўднёвай Карэі пакінуў у сіле пастанову аб імпічменце і канчаткова адхіліў былога ўжо прэзідэнта ад пасады.
Канстытуцыйны суд краіны пацвердзіў, што леташняе ўвядзенне прэзідэнтам ваеннага становішча справакавала самы сурʼёзны палітычны крызіс у краіне за апошнія дзесяцігоддзі, піша «Reuters».
Згодна з Канстытуцыяй, прэзідэнцкія выбары цяпер мусяць адбыцца цягам 60 дзён, а прэмʼер-міністр Хан Тук Су працягне выконваць абавязкі прэзідэнта да інаўгурацыі новага прэзідэнта.
Выканаўца абавязкаў галоўнага суддзі Мун Хёнг Пэ заявіў, што Юн парушыў прэзідэнцкія абавязкі, абвясціўшы 3 снежня ваеннае становішча. Гэткім чынам прэзідэнт выйшаў за рамкі сваіх канстытуцыйных паўнамоцтваў і ўчыніў дзеянні, што сталіся «сурʼёзным выклікам дэмакратыі».
«(Юн) груба здрадзіў даверу народу, які ёсць суверэнным чальцом дэмакратычнай рэспублікі», – сказаў Мун, дадаўшы, што абвяшчэнне Юнам ваеннага становішча стварыла хаос ва ўсіх сферах грамадства, эканомікі і вонкавай палітыкі.
Тысячы людзей на мітынгу дзеля адстаўкі Юна, у тым ліку сотні тых, хто начаваў у намётах, гучна віталі пастанову, скандуючы «Мы перамаглі!»
Юн Сок Ёль быў арыштаваны ў студзені за спробу дзяржаўнага перавароту і выйшаў на волю праз 52 дні.
Тэса Анэйда / belsat.eu