Беларус трапіў у берасцейскі ІЧУ і выйшаў пакусаны да крыві клапамі. Палітзняволеную Вікторыю Кульшу будуць зноў судзіць за «непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». Пра гэтыя і іншыя факты палітычнага пераследу ў Беларусі, пра якія стала вядома 3 красавіка – у нашым аглядзе.
Хрысціянскі прапаведнік Сергій Мельянец, які быў вымушаны ўцякаць з Беларусі праз пераслед і цяпер жыве ў Варшаве, распавёў пра свайго знаёмага, што вяртаўся з адпачынку ў Еўропе і быў затрыманы на мяжы.
Беларускія памежнікі праверылі ў мужчыны тэлефон, дзе знайшлі лайк у Instagram пад «экстрэмісцкім» рэсурсам. Пасля гэтага знаёмага Сергія адправілі ў берасцейскі ІЧУ на трое содняў.
,,«Клапы ў непрыстойнай колькасці» – так мужчына апісаў умовы ў ізалятары. На волі ён паказаў свае чырвоныя ад укусаў рукі.
Саўладальніка Wargaming Мікалая Кацалапава хочуць судзіць завочна за данаты апазіцыйным структурам. Пра гэта паведаміў дзяржаўны тэлеканал АНТ.
Сцвярджаецца, што Мікалай зрабіў «дзясяткі пераводаў у крыптавалюце» на «сотні тысячаў долараў» у розныя «экстрэмісцкія» ініцыятывы. У студзені 2023 года Кацапалава ўнеслі ў спіс «тэрарыстаў». У бліжэйшы час у дачыненні да айцішніка будзе распачатае спецыяльнае вядзенне паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі.
Мянчук трапіў на «содні» за відэа ў TikTok з машынай ДАІ і схаванай за шклом службовага аўтамабілю камерай. Мужчына сцвярджаў, што здымка вялася ў парушэнне заканадаўства – без папераджальных знакаў. У выніку яго затрымалі і адправілі ў ЦІП, а потым у ІЧУ на Акрэсціна. Аб матрацах у камеры мужчына «не чуў і не бачыў», былі толькі нары з дошак.
Палітзняволеная Вікторыя Кульша мусіла выйсці на волю ў красавіку 2025 года па заканчэнні тэрміну. Але днямі яе перавялі ў гомельскі СІЗА-3 у межах чацвёртай крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоні»).
Раней жанчыне ўжо тройчы прызначалі пазбаўленне волі па гэтым артыкуле. Агульны тэрмін Вікторыі цяпер складае пяць гадоў і шэсць месяцаў зняволення.
Па інфармацыі праваабаронцаў, у зарэчанскай калоніі № 24 адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю локцем, стоячы ззаду, а таксама цягаў яе па камеры. Праз галадоўкі ў яе двойчы здараўся сардэчны прыступ.
У чарговы раз папоўніўся Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. У яго трапілі:
• Telegram-каналы і чаты «Хартия 97%», «Беларусы ў Кракаве - Белорусы в Кракове», «Цыганкоў», «Глаза Минска – Восток», «Глаза Минска – Север», «Празрысты чат | Могилёв», «Глаза Минска – Юг», «Думать не больно Chat», «НАШ ДОМ. Комментарии», «СКАДОВСЬКИЙ ЗАХИСНИК», «Ескадрон»;
• YouTube-канал «MozgON»;
• Facebook-старонкі «Радыё Свабода», «Не запраўляй аўтазак», «Vadzim Vasilyev», «Viktar Klimus»;
• Старонкі ў TikTok «Женя Егоров», «Усы Тихановской».
Марыя Міхалевіч belsat.eu