Грузія ў сакавіку бягучага года дэпартавала 97 замежных грамадзянаў, сярод якіх былі беларусы, паведамляе мясцовае Міністэрства ўнутраных справаў.
Дэпартавалі грамадзянаў 18 краінаў: Індыі, Кітаю, Таджыкістану, Азербайджану, Расеі, Бангладэшу, ЗША, Іраку, Ірану, Нігерыі, Туркменістану, Турцыі, Егіпту, Пакістану, Камеруна, Іарданіі, Кыргызстану і Беларусі.
,,«Частка замежных грамадзянаў пакінула Грузію добраахвотна, а частка была прымусова выправаджаная з краіны ў выніку захадаў, прынятых Дэпартаментам міграцыі МУС. Высланым асобам у адпаведнасці з законам быў забаронены ўезд у краіну», – гаворыцца ў паведамленні МУС.
Колькі менавіта было дэпартавана беларусаў, невядома, як і прычынаў іхнага выдварэння з Грузіі. Няма дакладнай статыстыкі і па іншых краінах.
У Грузіі па стане на сакавік 2025 года пражывалі каля 12 тысячаў беларусаў. Апошнім часам усё больш грамадзянаў Беларусі з’язджаюць праз праблемы легалізацыі.
Паводле праваабаронцы Рамана Кісляка, за апошнія пяць гадоў больш за 70 беларусаў падалі прашэнне аб наданні міжнароднай абароны ў Грузіі. З іх больш за 60 атрымалі адмовы.
Вядома пра шэраг выпадкаў, калі ў Грузію не ўпускалі беларусаў, якія вярталіся ў краіну пасля візарану. У верасні 2024 года не ўпусцілі журналіста Андрэя Мялешку, калі той прыляцеў з дачкой з Польшчы.
Марыя Міхалевіч belsat.eu