З 1 студзеня 2026 года ў Беларусі будзе працаваць Апеляцыйны эканамічны суд. Адпаведны ўказ падпісаў 3 красавіка Аляксандр Лукашэнка.
Новы суд размесціцца ў Менску па адрасе: вул. Мяснікова, 5. У будынку, які плануюць увесці ў эксплуатацыю сёлета ў лістападзе, будуць абсталяваныя восем залаў судовых паседжанняў і адна зала прэзідыуму.
Рашэнне аб стварэнні апеляцыйнага эканамічнага суда прынятае з мэтай рэалізацыі палажэнняў Кодэксу грамадзянскай судовай вытворчасці, які таксама набудзе моц 1 студзеня наступнага года.
Кодэкс прадугледжвае стварэнне ў Беларусі трохзвенавой сістэмы эканамічных судоў, у выніку чаго будзе раздзеленая дзейнасць судоў першай і апеляцыйнай інстанцыяў, якія цяпер працуюць у рамках аднаго суда.
Набыццё Кодэксам грамадзянскай судовай вытворчасці моцы будзе адным з фінальных этапаў судова-прававой рэформы ў Беларусі. У яе выніку абласныя эканамічныя суды і Эканамічны суд Менску будуць выступаць у якасці судоў першай інстанцыі. Апеляцыйны эканамічны суд – у якасці другой, апеляцыйнай інстанцыі.
У Апеляцыйным эканамічным судзе будуць працаваць 27 суддзяў разам са старшынём і ягонымі намеснікамі. У склад новага суда яны будуць прыцягнутыя з іншых судоў. Вярхоўнаму Суду даручана ўнесці прапановы наконт кандыдатураў на кіроўныя і судзейскія пасады, а таксама развязаць арганізацыйныя пытанні, звязаныя з забеспячэннем дзейнасці новага суда.
,,«Што датычыць камплектавання Апеляцыйнага эканамічнага суда, яно будзе ажыццяўляцца выключна за кошт кадраў сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі. То бок ніводнай дадатковай адзінкі – ні суддзяў, ні дзяржслужбоўцаў, ні працаўнікоў апарату суда – мы не бяром у гэты суд», – патлумачыў намеснік старшыні Вярхоўнага Суда Юрый Кобец.
У Апеляцыйным судзе будуць сфармаваныя прэзідыум, апеляцыйная судовая калегія, судовая калегія для разгляду грамадзянскіх справаў у якасці суда першай інстанцыі і для справаў аб адміністратыўных парушэннях.
У кампетэнцыю Апеляцыйнага суда ўвойдуць разгляд грамадзянскіх справаў у эканамічных спрэчках, якія вынікаюць з гаспадарчых прававых зносінаў, а таксама нагляд за дзейнасцю ніжэйшых абласных эканамічных судоў і Эканамічнага суда Менску.
Марыя Міхалевіч belsat.eu