У сераду, 3 красавіка, у Польшчы адбылася серыя кібератак на камп'ютары працаўнікоў офісу Грамадзянскай платформы (партыі, якая ўваходзіць у кіроўную кааліцыю) і выбарчага штабу. Ёсць доказы датычнасці да інцыдэнту «службаў з Усходу», паведаміў кіраўнік канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы Ян Грабец.
Пра кібератаку на сваёй старонцы ў Х напісаў таксама прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск:
,,«Кібератака на інфармацыйную сістэму Платформы. Пачалося чужое ўмяшанне ў выбары. Службы ўказваюць на ўсходні след».
Атака заключалася ў спробе пераняць кантроль над камп’ютарамі працаўнікоў офісу партыі, якія «знаходзяцца ў розных месцах», і наладзіць магчымасць вонкавага доступу да змесціва, а таксама яго стварэння на гэтых камп’ютарах. Кіраўнік канцылярыі Туска назваў атаку «даволі небяспечнай», бо яна закранула не толькі сайт Грамадзянскай платформы, але найперш «сістэмы, якімі карыстаецца Грамадзянская платформа, выбарчы штаб, і якія ўжываюцца ў выбарчай кампаніі».
Грабец, аднак, зазначыў, што да крадзяжу звестак не дайшло.
Віцэ-прэм’ер і міністр дыгіталізацыі Польшчы Кшыштаф Гаўкоўскі заявіў, што атака была запланаванай і арганізаванай, а ажыццявілі яе «групы з Расейскай Федэрацыі і Беларусі».
Паводле віцэ-прэм’ера, «Расея хоча скрасці ў Польшчы і палякаў выбары, але ёй гэта не ўдасца».
Марыя Міхалевіч belsat.eu