Казахскія дарожныя паліцыянты, якія запатрабавалі ад беларускіх турыстаў хабар памерам каля 400 долараў, працягваюць сутыкацца з наступствамі сваіх супрацьпраўных дзеянняў.
«Мы ладзім правяранне і справу распачалі. Гэтыя супрацоўнікі на сёння звольненыя», – сказаў намеснік міністра ўнутраных справаў Казахстану Ігар Ляпеха журналістам 2 красавіка, паведамляе «Azattyq Rýhy».
Нагадаем, што беларускія турысты выклалі відэа таго, як патрульныя спынілі іх у Туркестанскай вобласці Казахстану. Паводле турыстаў, у іх запатрабавалі 200 тысячаў тэньге за адсутнасць казахскага тэхагляду і траплянне на камеру. Пры гэтым яны кажуць, што нічога не парушалі і доказаў ім не далі.
,,«Мы супраціўляцца асабліва не сталі. Проста заплацілі і паехалі далей», – адзначыў беларус.
У дарожнай паліцыі Туркестанскай вобласці заявілі, што ладзяць правяранне гэтага факту. У ведамстве заявілі пра пачатую крымінальную справу, а ў дачыненні кіраўніцтва адпаведнага падраздзялення пачалі службовае расследаванне.
Якуб Хруст belsat.eu