Прадстаўніца Народнай амбасады Беларусі ў Славеніі Аляксандра Мамаева паведаміла пра добрыя навіны для беларускай дыяспары ў гэтай краіне. Паводле яе, яны адбыліся дзякуючы намаганням грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сілаў Беларусі, якія актыўна супрацоўнічаюць з Народнай амбасадай.
Аляксандра Мамаева расказала пра выпадкі, калі дзяржаўныя органы Славеніі не патрабавалі ад беларусаў апастыляў, якіх немагчыма атрымаць. Афіцыйная пазіцыя Міністэрства ўнутраных справаў рэкамендуе не патрабаваць ад беларусаў даведак пра несудзімасць і шлюб, а замяніць іх старымі даведкамі і заяваю пра немагчымасць атрымаць гэтыя дакументы бяспечным шляхам, адзначыла яна.
Паводле Мамаевай, таксама ў Славеніі часовы від на жыхарства пачалі выдаваць без неабходнасці падаваць даведку пра несудзімасць. Апроч таго, стала вядома, што сваякам беларускіх актывістаў у гэтай краіне выдаюцца доўгатэрміновыя шэнгенскія візы. Яна таксама паведаміла пра трэці выпадак атрымання беларусам пашпарта замежніка.
Нагадаем, што ў 2024 годзе ў Славеніі беларуская сям’я здолела ўпершыню аформіць пашпарт замежніка. Яго атрымаў дзевяцігадовы беларус. У Славеніі жывуць больш за 400 грамадзянаў Беларусі. Паводле апытання сярод беларускай дыяспары, з праблемаю пратэрмінаваных пашпартоў сутыкнуліся прынамсі 20 асобаў.
Якуб Хруст belsat.eu