Улады Беларусі надумалі пашырыць права доступу чыноўнікаў да дзяржаўных таямніцаў. Пра гэта гаворыцца ў праекце змяненняў у Закон аб дзяржаўных таямніцах, апублікаваным у базе звестак законапраектаў Нацыянальнага прававога інтэрнэт-парталу.
Паводле дакументу, доступ да дзяржаўных таямніцаў з моманту абрання атрымаюць старшыня, начальнік сакратарыяту і чальцы прэзідыуму Усебеларускага народнага сходу. Акрамя таго, такі доступ будзе атрымліваць старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі.
11 лютага Аляксандр Лукашэнка, якога летась прызначылі старшынёй прэзідыуму УНС, анансаваў правядзенне сходу ў красавіку. Хаця яшчэ ў верасні казаў, што правядзе яго ў пачатку года.
Некаторыя аналітыкі выказвалі меркаванне, маўляў, першапачаткова задума была такою, што УНС пройдзе перад правядзеннем выбараў прэзідэнта, а выбары – у лютым. Гэта пацвердзіў і Лукашэнка. Заданнем УНС у такім выпадку было стаць адным з найбольш важных этапаў агітацыйнай кампаніі.
Аднак планы рэзка змяніліся, і выбары прызначылі не на люты, а на 26 студзеня. На іх, вельмі чакана, Лукашэнка забяспечыў сабе перамогу, намаляваўшы падтрыманне, вышэйшае за 86 %. У такой сітуацыі экстраная неабходнасць праводзіць УНС адпала, што выклікала некаторую фрустрацыю ў атачэнні Лукашэнкі. Сам жа кіраўнік усё яшчэ няўпэўнена выказваўся пра ролю гэтай інстытуцыі: маўляў, сход «мусіць займаць сваю нішу ў дзяржаве і не ўмешвацца ў кампетэнцыю іншых дзяржаўных органаў», «нельга праводзіць новыя нарады, ліставанне, фармалізм», «трэба пачаць з аптымізацыі кіраўнічых працэсаў».
Цяпер жа пастанавілі сумясціць правядзенне УНС са штогадовым пасланнем Лукашэнкі.
Якуб Хруст belsat.eu