МУС вярнуў магчымасць праверыць наяўнасць абмежаванняў на выезд з Беларусі. Гэтая паслуга адсутнічала на сайце як мінімум тыдзень, паведамляла «Медыязона».
Станам на 2 красавіка функцыя правярання забароны на выезд працуе на сайце як і раней – у асабістым кабінеце ў раздзеле для фізічных асобаў.
МУС не патлумачыў, чаму адключаў паслугу, а цяпер вярнуў яе.
Пры немагчымасці праверыць праз сайт ведамства, ці не забаранілі вам выезд з радзімы, можна звярнуцца ў аддзел грамадзянства і міграцыі РУУС паводле месца рэгістрацыі ці фактычнага пражывання.
Падставы, паводле якіх асоба можа атрымаць такую забарону, пералічаныя ў артыкуле 7 закону № 49-З «Аб парадку выезду і ўезду ў Рэспубліку Беларусь».
Пад такія абмежаванні трапляюць у тым ліку беларусы, якія ўхіляюцца ад вайсковага абавязку, фігуруюць у крымінальных справах, пастаўленыя на ўлік у органах дзяржбяспекі, перабываюць пад прэвентыўным наглядам, маюць маёмасныя і падатковыя абавязанні.
Марыя Міхалевіч belsat.eu