Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп пракаментаваў няшчасны выпадак у літоўскім Падброддзі, дзе ў балоце патанула амерыканская гусенічная машына «M88 Hercules» і загінулі сама меней трое вайскоўцаў.
Амерыканскі прэзідэнт выказаў сваю версію, што бронемашына саслізнула ў балота. Ён таксама адзначыў, што цела чацвёртага вайскоўца знайшлі, «верагодна, таксама, але гэта пакуль не пацверджана».
«Гэта быў вельмі цяжкі аўтамабіль, вельмі цяжкі, і, падобна, што бераг гэтага возера абваліўся. Была ноч, было вельмі халодна, шмат лёду. Мусіць, яны слізганулі, бо гэта вельмі вялікая і цяжкая тэхніка. Хутчэй за ўсё, так і здарылася, яны саслізнулі. Траіх больш няма з намі, а адзін знік», – сказаў Доналд Трамп, перадае «Forbes».
Літоўскае выданне «Delfi» ўдакладняе, што хоць ноччу ў Літве бывае мінусавая тэмпература, але лёду няма нават у лясах.
Нагадаем, што амерыканскія вайскоўцы ў гусенічнай браняванай машыне M88 зніклі 25 сакавіка падчас вучэнняў на палігоне ў Падброддзі. Наступным днём стала вядома, што машына затанула ў балоце. Яна была на глыбіні 4 метраў, над ёю было 2 метры глею. Раніцаю 31 сакавіка ратавальнікам удалося дастаць з балота машыну. Пры гэтым у ёй былі знойдзеныя целы толькі трох з чатырох зніклых вайскоўцаў. Пошукі чацвёртага працягваюцца.
Пры гэтым у беларускім Маладзечне 31 сакавіка затрымалі грамадзяніна ЗША, якога знайшлі ў парожнім вагоне цягніка. Ягоны век падобны да таго, што мае зніклы вайсковец ЗША, але супадзенне не дакладнае.
Якуб Хруст belsat.eu