Каардынацыйная рада прызначыла выканальніцу абавязкаў спікеркі ў Каардынацыйнай радзе замест Анжалікі Мельнікавай. Ёй стане Стася Гліннік.
Заява аб прызначэнні Стасі Гліннік выканаўцай абавязкаў спікеркі КР з’явілася позна ўвечары ў акаўнце Каардынацыйнай рады.
,,«У сувязі з немагчымасцю Спікеркі Каардынацыйнай рады Анжэлікі Мельнікавай выконваць свае абавязкі, яе паўнамоцтвы часова перайшлі да Віцэ-спікеркі Стасі Гліннік», – напісалі прадстаўнікі КР.
Яны патлумачылі, што згодна з рэгламентам віцэ-спікер выконвае функцыі спікера ў перыяды змушанай адсутнасці, а пры немагчымасці выканання спікерам сваіх абавязкаў набывае ўсе ягоныя правы і абавязкі да абрання новага спікера.
Больш інфармацыі датычна прызначэння Каардынацыйная рада абяцае апублікаваць неўзабаве.
Нагадаем, што пра знікненне спікеркі КР Анжалікі Мельнікавай 28 сакавіка паведаміў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. Мельнікава таксама належыць да ягонага палітычнага блоку ў КР.
Латушка заявіў, што, сувязь з Анжалікай адсутнічае з 25 сакавіка. Ёсць інфармацыя, што яна цяпер не ў Польшчы. Ён паведаміў, што падаў заяву ў праваахоўныя органы Польшчы аб знікненні спікеркі КР.
Пазней журналісты розных выданняў з уласных крыніцаў даведаліся, што Анжаліка Мельнікава вылецела з Польшчы ў Вялікую Брытанію разам з дзецьмі, з якімі жыла ў Варшаве.
Мельнікава апошнім часам скардзілася на здароўе і казала, што не можа займацца справамі Каардынацыйнай рады.
Калегі Мельнікавай з КР падзяліліся з журналістамі «Нашай Нівы» ейным апошнім паведамленнем.
,,«У мяне ўскладненне пасля ковіду, і сёння пацвердзілася запаленне лёгкіх. Цяпер я на ўколах і антыбіётыках. Калі ўзнікне нешта сапраўды важнае і тэрміновае, я заўсёды буду на сувязі і змагу ўдзельнічаць у неадкладных нарадах / званках праз Zoom. Але прашу паставіцца з разуменнем – я буду на бальнічным бліжэйшыя два тыдні», – напісала калегам Мельнікава.
Адзначаецца таксама, што яны не бачылі спікерку некалькі тыдняў. На сувязі з імі Мельнікава была прынамсі да 21 сакавіка.
Паводле непацверджанай інфармацыі «Нашай Нівы», ейны былы муж таксама сінхронна выехаў з Польшчы, але ў іншым кірунку.
Раман Шавель belsat.eu