навіны

Праца Цэнтру беларускай салідарнасці пад пагрозаю. Абвешчаны збор на падтрыманне

Вольга Дабравольская тлумачыць нюансы легалізацыі для беларусаў у Польшчы
Вольга Дабравольская тлумачыць нюансы легалізацыі для беларусаў у Польшчы. Фота: Цэнтр беларускай салідарнасці
podpis źródła zdjęcia

Цэнтр беларускай салідарнасці (ЦБС), што дапамагае беларусам пераадольваць цяжкасці ў эміграцыі, сутыкнуўся з фінансавымі праблемамі, праз якія можа скараціць сваю дзейнасць. Таму адкрыў збор на «BYSOL». Расказваем, чаму праца каманды ЦБС вельмі важная.

Цэнтр беларускай салідарнасці працуе з верасня 2020 года. Ён праводзіць бясплатныя юрыдычныя кансультацыі, займаецца адукацыяй дзяцей і падтрыманнем беларускай культуры.


«У нас усяго 5 юрыстаў, але яны штодня дапамагаюць сотням беларусаў, праводзячы больш за 1000 кансультацыяў у месяц. Яны суправаджаюць судовыя справы, дапамагаюць з афармленнем дакументаў, працуюць з уладамі», – распавядае каманда ЦБС.


ЦБС удалося дамагчыся значных паляпшэнняў умоваў для беларусаў у Польшчы. Напрыклад, дзякуючы працы кіраўніцы юрыдычнага дэпартаменту ЦБС Вольгі Дабравольскай беларусам зрабіўся даступным гуманітарны від на жыхарства, а для тых, у каго ёсць ВНЖ, – бясплатны польскі праязны дакумент.


А школа дадатковай адукацыі ЦБС – найбуйнейшая бясплатная беларуская адукацыйная пляцоўка для дзяцей у Польшчы.

Заняткі ў школе ЦБС. Фота: Цэнтр беларускай салідарнасці
Заняткі ў школе ЦБС. Фота: Цэнтр беларускай салідарнасці

«За 4 гады праз яе прайшло больш за 1500 дзяцей. Мы не проста вучым – мы дапамагаем дзецям захаваць беларускую мову і культуру, нават калі вяртанне дадому немагчымае. Таксама мы дапамагаем у падрыхтаванні да школьных іспытаў і праводзім мноства іншых развіццёвых заняткаў. А цяпер у нас з'явілася некалькі групаў для дзяцей з разладамі аўтыстычнага спектру.


Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне школа не засталася ў баку – мы прынялі сотні ўкраінскіх дзяцей. Быў створаны цэнтр апекі, які штодня працаваў з раніцы да вечара на працягу паўгода, каб дапамагчы дзецям перажыць гэты складаны перыяд», – распавядае ЦБС.


Цэнтр беларускай салідарнасці таксама падтрымлівае беларускія выдавецтвы ў Польшчы, арганізуе для іх стэнды на міжнародных кірмашах, дапамагае аўтарам прэзентаваць свае кнігі і знаходзіць чытачоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

Цэнтру беларускай салідарнасці – 4 гады. Як змяніліся пытанні, з якімі прыходзяць беларусы?

навіны

«Але цяпер усё гэта пад пагрозаю. Калі мы не знойдзем крыніцы фінансавання, нам давядзецца скарачаць нашую працу. Менш юрыстаў – менш магчымасцяў абараняць беларусаў у судах і юрыдычна дапамагаць ім. Менш настаўнікаў – менш падтрымання і магчымасцяў для дзяцей. Менш рэсурсаў – менш дапамогі тым, хто ў ёй мае патрэбу. Гэта не проста пра грошы. Ці здолеем мы захаваць тое, што так цяжка будавалі. Таму мы просім вашай дапамогі», – адзначае ЦБС.


ЦБС просіць дапамогі ў памеры € 20 тысячаў, каб выплаціць заробкі настаўнікам і юрыстам. Цэнтр адзначае, што юрысты з іх каманды апрацоўваюць мінімум 50 зваротаў у дзень і пры гэтым паспяваюць пісаць скаргі, абскарджанні і рэпрэзентаваць інтарэсы беларусаў перад адміністрацыйнымі органамі, а настаўнікі ў ЦБС за ўласныя грошы набываюць матэрыялы для творчых заняткаў, а таксама купляюць прадукты для дзяцей.


Цяпер Цэнтр беларускай салідарнасці працуе над планам выратавання, вядзе перамовы з донарамі і просіць падтрымання ў крызісны час, каб працягваць дапамагаць іншым.


Дапамагчы ЦБС можна тут.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10