Вядомы польскі палітык, маршалак Сейму Галоўня ціснуў руку чалавеку, пра супрацу з якім прагаварыўся Аляксандр Зінгман, паплечнік Віктара Шэймана. Галоўня кажа, што пра абвінавачанні ў бок гэтага чалавека не ведаў.
Маршалак Сейму Шыман Галоўня, старшыня верхняй палаты парламенту Польшчы, сустракаўся з жыхарамі Беластоку, сярод якіх аказаўся бізнесовец, якога польскія медыі вінавацяць у супрацы з уладамі Беларусі. Галоўня заявіў «TVN24», што не меў разумення, што гэтага чалавека ў нечым падазраюць.
Сустрэча прайшла 26 сакавіка ў Прамыслова-гандлёвай палаце ў Беластоку. У ёй браў удзел хтосьці, каго польскія медыі называюць Вітольд К. Ён сядзеў побач з Галоўням, браў слова, на камеры ціснуў руку палітыку.
,,«Я паняцця не меў, што супраць яго ёсць нейкія падазрэнні, – сказаў Галоўня «TVN24». – Наколькі я разумею, ягоная справа разбіраецца ў судзе».
Ён настойвае, што не ведае Вітольда К., а на сустрэчы не бачыў, каб іншыя бізнесоўцы ставіліся да Вітольда К. як да чалавека, з якім не варта кантактаваць. Галоўня дадаў, што «гэтае пытанне вымагае ўдакладнення», і ён чакае развязання справы, каб даведацца, ці памыліўся хтосьці пры арганізацыі сустрэчы. У штабе Галоўні таксама адказалі журналістам, што маршал Сейму і арганізатары сустрэчы не ведалі пра падазрэнні наконт Вітольда К. Сустрэча, адзначылі ў штабе Галоўні, мела адкрыты характар.
Галоўня – адзін з кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах, першы тур якіх запланаваны на 18 траўня 2025 года. Калі верыць апытанням, ён наўрад ці пройдзе ў другі тур, займае толькі чацвёртае месца з 5–6 % падтрымання. На першым месцы ў апытаннях – мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі з «Грамадзянскай платформы», супартыец дзейнага прэм’ера. На другім – беспартыйны Караль Наўроцкі, які, як і дзейны прэзідэнт, раней уваходзіў у найбуйнейшую апазіцыйную партыю «Права і справядлівасць». На трэцім – Славомір Мэнцэн, сустаршыня скрайне правай «Канфедэрацыі».
Але Галоўная – зусім не малавядомы палітык. Маршалак Сейму фармальна (PDF) другая асоба ў дзяржаве пасля прэзідэнта (хоць прэм’ер, які лічыцца чацвёртай асобаю, мае больш рэальнай улады, чым прэзідэнт). Ён лідар партыі «Польшча 2050», якая мае 32 з 460 месцаў у Сейме і 5 са 100 месцаў у Сенаце; уваходзіць у кааліцыю «Трэцяя дарога», што на мінулых парламенцкіх выбарах набрала 14,4 % галасоў і сфармавала ўрад з «Грамадзянскай кааліцыяй» і «Левымі». Рэйтынг даверу ў Галоўні амаль такі самы, як у Тшаскоўскага, якому давяраюць найбольш з усіх вядомых польскіх палітыкаў.
Таму падазроныя спатканні Галоўні цікавяць палякаў, як цікавіць яшчэ адно здарэнне з той жа сустрэчы: на нецэнзурнае абвінавачанне з боку аднаго з удзельнікаў спаткання Галоўня адказаў тым жа нецэнзурным словам. Маўляў, я не лянуюся, а выконваю свае абавязанні.
Што за Вітольд К.?
Паводле польскіх журналістаў, Вітольд К. ужо шэсць гадоў атрымлівае абвінавачанні ад пракуратуры. Паводле следства, якое працягваецца, ён абяцаў хабар міністру сельскай гаспадаркі Кеніі за пастаўку сельскагаспадарчай тэхнікі. У 2018 годзе ён таксама трапіў пад следства Агенцтва нацыянальнай бяспекі паводле падазрэння ў шпіянажы, але ў лістападзе 2024 года справа была спыненая.
Журналісты таксама звярнулі ўвагу, што Вітольд К. меў сувязі з Аляксандрам Зінгманам – беларускім бізнесоўцам, які ўваходзіць у найбліжэйшае атачэнне Віктара Шэймана, паплечніка Аляксандра Лукашэнкі.
З шэрагу прыкметаў зразумела, што гаворка пра ганаровага старшыню і віцэ-прэзідэнта праўлення Прамыслова-гандлёвай палаты ў Беластоку Вітольда Карчэўскага. Той і сам не хаваў, што гаворка пра яго, адказваў на абвінавачанні з боку «TVN24»: заяўляў, што не падтрымліваў аніякіх стасункаў з Зінгманам і людзьмі з атачэння Лукашэнкі.
У 2021 годзе ў інтэрв’ю «TUT.by» Зінгман прызнаваўся, што рэстаранам «Falcone» валодае польская кампанія «Контрактус» Карчэўскага, а кіруе ім ягоная жонка Лізавета. Таксама Зінгман расказваў, што менавіта Карчэўскі падказаў яму ідэю для бізнесу, які б звязаў Беларусь і Афрыку. У 2015 годзе Зінгман з Карчэўскім разам сустракаліся з прэм’ер-міністрам Танзаніі. З Карчэўскім, казаў Зінгман, у яго «вельмі добрыя стасункі».
Алесь Наваборскі belsat.eu