Браняваную машыну, якой ехалі амерыканскія вайскоўцы, што праходзілі вучэнні на літоўска-беларускай мяжы, знайшлі. Але пошукі экіпажу трывалі ўсю ноч.
Увечары 26 сакавіка на палігоне ў Пабрадзе знайшлі гусенічную браняваную рамонтна-эвакуацыйную машыну «M88 Hercules», якою падчас вучэнняў ехалі зніклыя амерыканскія вайскоўцы, паведамляе LRT са спасылкаю на армію ЗША.
Паведамляецца, што транспартавы сродак выявілі ў вадаёме на тэрыторыі вучэнняў падчас пошукавай аперацыі, якую праводзяць амерыканскія і літоўскія вайскоўцы. Цяпер яны і цывільныя службы працуюць над яго выцягваннем.
Пошукі зніклых вайскоўцаў працягваюцца. Амбасада ЗША пацвердзіла, што зніклыя належаць да 1-й і 3-й пяхотных дывізіяў. Родных зніклых рэгулярна інфармуюць пра хаду пошукава-ратавальнай аперацыі. Літоўская армія таксама паведаміла пра знойдзены транспартавы сродак і рыхтаванне да яго эвакуацыі. Ратавальныя работы не спыняцца нават уначы, у іх задзеяны як літоўскія і амерыканскія вайскоўцы, гэтак і іншыя дзяржаўныя ды прыватныя структуры.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заклікаў дачакацца афіцыйных вынікаў пошукаў пасля з’яўлення інфармацыі пра меркаваную гібель чатырох амерыканскіх салдатаў.
,,«Пошукава-ратавальная аперацыя ў Пабрадзе трывае. Пакуль зніклыя не знойдзеныя, мы захоўваем надзею і падтрымліваем іхныя сем’і, таварышаў і ўсіх, хто бярэ ўдзел у пошуках», — напісаў ён у сацсетцы X.
Галоўнакамандуючы арміі Літвы Раймундас Вайкшнорас адзначыў, што некаторыя вайскоўцы выходзяць на другую змену, каб дапамагчы ў пошуках. Міністарка абароны Довіле Шакаліене расказала, што адзін з вайскоўцаў, адпрацаваўшы цэлы дзень, адмовіўся ісці адпачываць і выказаў жаданне працягнуць удзел у аперацыі.
Спачатку генеральны сакратар NATO Марк Рутэ, які цяпер з візітам у Варшаве, заявіў, што зніклыя амерыканскія салдаты загінулі. Аднак літоўскія вайскоўцы падкрэсліваюць: пакуль няма дакладных доказаў іхнай гібелі.
Нагадаем, што чацвёра вайскоўцаў ЗША зніклі без вестак у Літве каля Пабрадзе падчас вучэнняў. Спачатку паведамлялася пра трох зніклых, але пазней Штаб сілаў ЗША ў Еўропе і Афрыцы пацвердзіў, што зніклі чацвёра вайскоўцаў 1-й брыгады 3-й пяхотнай дывізіі разам з аўтамабілем. Іх шукаюць вайскоўцы ЗША і Літвы, а таксама літоўскія праваахоўнікі. Літоўскі тэлеканал заяўляе пра іхную гібель.
Раман Шавель belsat.eu