Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі апублікаваў звесткі пра занятасць беларусаў у эканоміцы краіны паводле стану на люты 2025 года. Гэтая лічба склала 4 141 000 чалавек, што на 9400 чалавек больш, чым у студзені сёлета, і на 8100 чалавек больш, чым у лютым 2024 года.
Колькасць занятых у беларускай эканоміцы, паводле афіцыйнай статыстыкі, расце з кастрычніка мінулага года. У лютым было ўжо на 32 300 працаўнікоў больш, чым увосень.
У той жа час лічбы лютага 2025 года нашмат меншыя, чым лютага 2020-га – тады ў эканоміцы былі занятыя 4 334 700 чалавек. Такім чынам, за пяць гадоў колькасць працоўных людзей у Беларусі зменшылася на 193 тысячы.
Як вынікае са справаздачаў Белстату, у 2024 годзе, са студзеня да кастрычніка, на працу прынялі 558 540 чалавек, а звольнілі – 597 260, на 38 720 больш.
У 2024 годзе, паводле Белстату, узровень беспрацоўя ў Беларусі склаў 3 % ад колькасці працоўнай сілы.
На сайце Рэспубліканскай базы вакансіяў станам на 26 сакавіка размешчаныя 194 576 абвестак аб пошуку працаўнікоў – амаль на 30 тысячаў больш, чым было на пачатку снежня 2024 года.
Марыя Міхалевіч belsat.eu