навіны

Суд адмяніў рашэнне Дэпартаменту міграцыі Грузіі аб адмове ў прытулку праваабаронцу Раману Кісляку

Раман Кісляк
Раман Кісляк. Фота: Позірк
podpis źródła zdjęcia

Тбіліскі гарадскі суд 26 сакавіка агучыў пастанову ў справе скаргі беларускага юрыста і праваабаронцы Рамана Кісляка на адмову Дэпартаменту міграцыі МУС Грузіі даць яму міжнародную абарону.

Праваабаронца – пагроза нацыянальнай бяспецы?


Паводле пастановы суда, прашэнне Рамана аб прытулку мусіць быць перагледжанае.

,,

«Суд адмяніў рашэнне Дэпартаменту міграцыі МУС Грузіі аб адмове ў прытулку, але не задаволіў патрабавання выдаць мне новы адміністратыўна-прававы акт аб статусе ўцекача. З далейшымі крокамі ў справе я вызначуся ў найбліжэйшы час разам з адвакаткай», – распавёў Кісляк «Белсату».


Праваабаронца і намеснік старшыні «Беларуская дыяспара Аджарыі» Раман Кісляк у Тбілісі, Грузія. 17 траўня 2024 года. Фота: Белсат

Праваабаронца Раман Кісляк падаў у суд скаргу на адмову Грузіі даць яму прытулак

навіны

Беларускі юрыст і праваабаронца Раман Кісляк з 2021 года жыве ў Грузіі. У 2023 годзе ён папрасіў у гэтай краіне прытулку, аднак летась трымаў адмову.


Пакуль праваабаронца чакаў рашэння, у яго скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта – цяпер беларус не можа выехаць з Грузіі, а ў выпадку адмовы ў прытулку і загаду пакінуць тэрыторыю краіны ў яго толькі адзін шлях – у Беларусь, дзе юрысту пагражаюць зняволенне і катаванні.


У 2024 годзе Раман падаў скаргу на адмову Дэпартаменту міграцыі ў абароне ў Тбіліскі гарадскі суд.


Яшчэ падчас першага асноўнага паседжання Раман разам з адвакаткай распавялі пра сутнасць свайго пазову і пра тое, чаму беларус просіць прытулку. У выніку на другім асноўным паседжанні Дэпартамент міграцыі прэзентаваў прававое заключэнне, у якім са спасылкай на «Вясну», БХК і іншыя праваабарончыя арганізацыі прызнаў, што ў Беларусі тым, каго пераследуюць паводле палітычных артыкулаў, можа пагражаць смяротнае пакаранне. 


Акрамя таго, прадстаўніца Дэпартаменту на другім паседжанні, са словаў Рамана, сказала, што яны прызналі, што праваабаронца адпавядае крытэрам, прадугледжаным Канвенцыяй аб статусе ўцекачоў, аднак статусу ўцекача даць не могуць, бо Служба бяспекі Грузіі заявіла, што Раман уяўляе сабой пагрозу нацыянальнай бяспецы і ягонае перабыванне на тэрыторыі краіны непажаданае.


«Мы спрабавалі высветліць, хто прымаў такое рашэнне. Я пытаўся, на якіх падставах мяне прызналі пагрозай. Ні я, ні адвакатка гэтага не ведаем. Прадстаўніца Дэпартаменту, якая была на судзе, таксама не валодае гэтай інфармацыяй. Гэта дзяржаўная таямніца, і ў Дэпартаменце міграцыі да яе мае доступ толькі адзін чалавек. У судзе гэтыя сакрэтныя дакументы таксама ёсць, але мне не дадуць з імі азнаёміцца. Такім чынам, мы, не ведаючы прычынаў для прызнання мяне пагрозай, спрабавалі аспрэчыць усе гіпатэтычныя падставы», – распавёў праваабаронца.


Што Раман распавядаў у судзе


Тбіліскаму суду Раман распавядаў пра сваю юрыдычную і праваабарончую дзейнасць, сяброўства ў Каардынацыйнай радзе Беларусі.

,,

«Я казаў, што гэта ўсё не нясе ніякай пагрозы ў тым ліку для Беларусі, а тым больш – для Грузіі. Распавядаў, што мы стварылі дыяспару і дапамагаем адзін аднаму, але ў гэтым таксама няма ніякага крыміналу. Распавёў, як з’язджаў з Беларусі і што асноўныя крымінальныя справы супраць мяне з’явіліся, калі я ўжо быў тут, у Грузіі, у 2023–2024 гадах, за Каардынацыйную раду і за выбары ў яе трэці склад», – кажа праваабаронца.


Пікет беларусаў у Грузіі супраць дыскрымінацыі. Фота: Ян Шміт-Уітлі

Ні жыць, ні з'ехаць. Што рабіць беларусам у Грузіі, якім адмаўляюць у прытулку

Аналітыка

Акрамя гэтага, Раман разам з адвакаткай звярталі ўвагу суда на тое, якія пагрозы існуюць для праваабаронцы, калі яму адмовяць у прытулку.


«Пакуль я ў статусе прасіцеля абароны, мяне не могуць ні дэпартаваць, ні экстрадаваць. Калі мне не даюць статусу, адпаведна, я страчваю гэтую гарантыю невыдварэння. І ў гэтым праблема, – тлумачыць Раман. – Я распавядаў, што чакае тых, хто з палітычных прычынаў трапляе ў Беларусі за краты на падставе аповедаў былых палітвязняў. Казаў пра тое, як людзей катуюць і ламаюць, пра ізаляцыю, інкамунікада, калі чалавек знікае і мы нават не ведаем, ці ён жывы, пра экстрэмісцкі ўлік і стаўленне да такіх людзей у калоніях».


Асобна юрыст казаў пра тое, пра што, з ягоных словаў, у Грузіі ўжо даўно забыліся, – смяротнае пакаранне, якое ў тым ліку можа пагражаць асуджаным паводле палітычных артыкулаў у Беларусі. Раман прыводзіў у якасці прыкладу гісторыю немца Рыка Крыгера.


«Яго абмянялі, бо ў яго нямецкае грамадзянства. У мяне такіх шанцаў на абмен не было б, бо ў мяне толькі беларускае грамадзянства, – зазначае праваабаронца. – Я працаваў у рамках кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання", вёў пяць справаў, у якіх прадстаўляў асуджаных да смяротнага пакарання беларусаў у Камітэце правоў чалавека ААН. Усіх іх, на жаль, расстралялі, хоць Камітэт выявіў парушэнні, з якімі былі разгледжаныя іхныя справы. Гэта ўсё сведчыць пра вялізную рызыку катаванняў і нават смяротнага пакарання паводле палітычных артыкулаў. На гэта мы з адвакаткай спасылаліся, што пагроза мне перавышае гіпатэтычную пагрозу ад мяне бяспецы Грузіі».


Больш за 70 прашэнняў аб прытулку і ніводнага ўхвалення


Са словаў Рамана Кісляка, за апошнія пяць гадоў больш за 70 беларусаў падалі прашэнне аб наданні міжнароднай абароны ў Грузіі. З іх больш за 60 атрымалі адмовы. Шмат хто пасля адмоваў пайшоў у суд. Адна сям’я прайшла Тбіліскі гарадскі суд і апеляцыйны, і абодва адхілілі скаргі. Сітуацыя гэтай сям’і ўскладненая тым, што дзіця, якое нарадзілася ў Грузіі, не мае дакументаў.


Паводле Рамана, у такіх выпадках ёсць яшчэ надзея на міжнародныя інстанцыі – Еўрапейскі суд правоў чалавека, Камітэт правоў чалавека ААН, Камітэт супраць катаванняў, Камітэт супраць расавай дыскрымінацыі.

,,

«Мы ўвесь час думаем і шукаем шляхі, як дапамагчы беларусам у такіх сітуацыях, хаця б пацягнуць час, пакуль будуць разглядацца справы і людзі змогуць легальна заставацца ў краіне. Часам можна нават ізноў падацца на абарону паводле новых абставінаў. Тады справа будзе разглядацца наноў. Гэта складана, але тыя, хто хоча застацца, шукаюць шляхі змагання», – зазначае Раман.


Адначасова шмат беларусаў, звязаных з актывізмам, з’язджаюць з Грузіі, хоць гэта таксама няпроста: вельмі складана апошнім часам атрымаць візы ў краіны Еўразвязу.


«Цяпер і грузінскім НДА няпроста, а нам тым больш – мы пад больш сур’ёзнай рызыкай, бо грузінскіх грамадзянаў не могуць выдварыць, а нас могуць. У гэтым сэнсе мы ў больш уразлівым становішчы. Таму людзі з’язджаюць, бо складана з легалізацыяй, і рызыкі ўзрастаюць», – кажа Раман.


Ад беларусаў Грузіі часам можна пачуць перасцярогі дэпартацыі ў Беларусь. Аднак на сённяшні момант Грузія не экстрадавала ніводнага беларуса, зазначае Раман.


«Як будзе далей развівацца сітуацыя, прадказваць цяжка. Паглядзім. Мне падаецца, гэты год будзе вырашальным, і ці суды пачнуць даваць абарону, ці мы ўсе пойдзем у міжнародныя інстанцыі, і справы расцягнуцца яшчэ на два-тры гады», – рэзюмуе праваабаронца.


Ганна Ганчар belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10