25 сакавіка Еўрапейская служба замежнапалітычнай дзейнасці (EEAS) апублікавала віншаванне з нагоды Дня Волі і выказала падтрыманне беларускаму народу ў яго змаганні за свабоду.
«ЕЗ салідарны з народам Беларусі і будзе далей падтрымліваць усіх, хто нястомна працуе дзеля справядлівасці, свабоды і дэмакратыі ў сваёй краіне», – напісана ў паведамленні на старонцы EEAS у Facebook.
У звароце таксама нагадваецца пра лёс палітычных зняволеных. Паводле замежнапалітычнай службы ЕЗ, цяпер у Беларусі несправядліва пазбаўленыя волі больш за 1200 асобаў. У EEAS падкрэслілі, што ўсе яны мусяць быць вызваленыя, а адказныя за рэпрэсіі – прыцягнутыя да адказнасці.
Дзень Волі адзначаецца 25 сакавіка – менавіта ў гэты дзень у 1918 годзе была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, першага дзяржаўнага ўтварэння беларусаў.
Надзея Вольная belsat.eu