навіны

За месяц намінальны сярэдні заробак беларусаў вырас усяго на 70 капеек

Здымак мае ілюстрацыйны характар
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Белстат апублікаваў свежыя звесткі наконт заробкаў у лютым. Хоць у параўнанні з леташнім заробак у рэальным выражэнні павялічыўся, рост у параўнанні з мінулым месяцам выглядае максімальна сімвалічным. А ў некаторых сферах і гарадах заробкі нават панізіліся. «Белсат» прааналізаваў лічбы.

Паводле Белстату, у лютым 2025 года намінальны налічаны сярэдні заробак у Беларусі склаў 2428,1 рубля. Для параўнання: у студзені гэты паказнік быў 2427,4 рубля – розніца ўсяго 70 капеек.


Для разумення: намінальны налічаны заробак – гэта агульная сума, якую працаўнік атрымлівае за сваю працу без уліку падаткаў. Гэта той самы лік з разліковага лістка, а не той, што трапляе на картку. Рэальны заробак, у сваю чаргу, улічвае інфляцыю – тое, колькі тавараў і паслуг асоба можа набыць за заробленыя грошы.


У рэальным выражэнні, з улікам інфляцыі, сярэдні заробак у краіне за год павялічыўся на 11,1 %. Аднак такі рост часта тлумачаць не павышэннем дабрабыту, а спробай «дагнаць» рост цэнаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: «Лида ТВ»
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: «Лида ТВ»


Хто, дзе і колькі зарабляе



У Менску сярэдні заробак у лютым склаў 3309,1 рубля. Для параўнання: у студзені ён быў 3332 рублі. Гэта значыць, паменшыўся на 22,9 рубля. У гадавым выражэнні рост склаў 8,8 %.


У Менскай вобласці заробак перавысіў 2400 рублёў, у Берасцейскай, Гарадзенскай і Гомельскай – крыху больш за 2100. Самы нізкі паказнік зафіксаваны ў Віцебскай вобласці – 2011 рублёў, што, тым не менш, на 11,6 % болей, чым год таму.


Больш за ўсіх зарабляюць айцішнікі, але нават у IT-сферы зафіксаванае прыкметнае зніжэнне. Так, у студзені сярэдні заробак у IT-сферы склаў 7497,4 рубля, а ў лютым – 7288,6 рубля. Гэта значыць, на 208,8 рубля менш. У параўнанні з лютым 2024 года ў рэальным выражэнні заробкі ў галіне ўпалі на 3,5 %.


На другім месцы паводле ўзроўню заробкаў – грузавы паветраны транспарт: 6802,4 рубля. На трэцім – пасажырскі паветраны транспарт з 5771,8 рубля.


Сярод найменш аплатных сфераў – салоны прыгажосці: 1284,2 рубля; музеі, бібліятэкі і архівы – 1520,7 рубля; творчыя спецыяльнасці і забаўляльная індустрыя – 1575,2 рубля.


У раслінаводстве сярэдні заробак склаў 1776 рублёў, жывёлагадоўлі – 1880,3 рубля. У прамысловасці – 2533,6. У будаўніцтве – 2812,3 рубля, у раздробным гандлі – 1919,7. У ахове здароўя сярэдні заробак склаў 2030,5 рубля, у сферы адукацыі – 1783,9.


Якія з гэтага можна зрабіць высновы? Нягледзячы на статыстычны рост у гадавым выражэнні, фактычныя даходы многіх беларусаў застаюцца на ўзроўні, што не адпавядае рэальным патрэбам – асабліва ва ўмовах росту цэнаў і нестабільнасці.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10