Побач з польскаю мяжою ў Гарадзенскім раёне пачаліся вучэнні тэрытарыяльнай абароны, якія будуць весціся з 25 сакавіка да 18 красавіка. У Мінабароны Беларусі падкрэсліваюць, што гэтыя вучэнні былі запланаваныя загадзя.
Тэрытарыяльная абарона ў Беларусі ёсць дадатковым родам войскаў, што склікаецца толькі ў выпадку вайны ці пры напружанай вайскова-палітычнай сітуацыі.
Падчас вучэнняў будуць адпрацоўвацца дзеянні супрацьтанкавых артылерыйскіх падраздзяленняў на палігонах. Удзельнікаў тэрабароны навучаць ахове аб’ектаў, працы на кантрольна-прапускных пунктах і абароне ад дыверсіяў.
Сярод іншага будуць адпрацоўвацца «пытанні фармавання, рыхтавання і выкарыстання атраду народнага апалчэння». Акрамя таго, паводле звестак Мінабароны, у сярэдзіне красавіка запланаванае правядзенне камандна-штабнога вучэння.
Нагадаем, намеснік міністра ўнутраных справаў і камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў заявіў пра актыўнае рыхтаванне «народнага апалчэння» ў рэгіёнах, што мяжуюць з Украінай. Паводле яго, ідэя нарадзілася ў кантэксце задачы «пільнавання бяспекі» і ажыццяўляецца ўжо «дзевяць месяцаў».
Упершыню пра стварэнне такіх структураў загаварылі пасля заявы Генштабу пра неабходнасць задзеяць насельніцтва ў выпадку «ўварвання».
Карпянкоў распавёў, што ў падраздзяленні набіраюцца «сур’ёзныя мужыкі, якія служылі ў 70–80-ыя гады». Усе яны нібыта «высока матываваныя» і «просяць больш патронаў».
Надзея Вольная belsat.eu