25 сакавіка, у 107-ую гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў, каб павіншаваць з Днём Волі. У сваім звароце яна нагадала пра гістарычнае значэнне гэтага дня і падкрэсліла, што беларусы ніколі не перастануць імкнуцца да свабоды і незалежнасці.
«Мы ўсе ведаем і з цеплынёй беражом у сэрцах дату 25 сакавіка. Дзень абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Дзень, калі Беларусь выйшла з ценю імперыі-захопніка. Дзень, калі наш народ заявіў пра незалежнасць і права самастойна вызначаць свой лёс. І гэта непазбежна адбудзецца зноў, – звярнулася з нагоды свята да беларусаў Святлана Ціханоўская. – Падумайце: ужо 30 гадоў рэжым робіць усё, каб знішчыць нашую волю. Нас спрабуюць запалохаць, арыштаваць, раз’яднаць – з разлікам, што мы здадзімся. Але чалавеку нельга забараніць імкнуцца да свабоды. Кожны палітвязень – гэта цэлая сям’я, якая ніколі не даруе рэжыму яго злачынстваў. Кожная спроба заглушыць нас прыводзіць да з’яўлення новых і новых абаронцаў свабоды і незалежнасці».
Святлана Ціханоўская падкрэсліла: пасля кожнай спробы знішчыць волю беларускага народу, выкарыстоўваючы запалохванні, рэпрэсіі і арышт актывістаў, з’яўляюцца новыя абаронцы свабоды, якія ніколі не забудуць злачынстваў уладаў.
Надзея Вольная belsat.eu