Запуск нацыянальнай сістэмы электроннай аховы здароўя, анансаваны яшчэ на 2022 год, сарваўся праз удзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны і наступныя санкцыі ЕЗ. Распрацоўнікі шукаюць новага выканаўцу, а праект цяпер пераводзяць на бюджэтныя сродкі.
Нацыянальная сістэма электроннай аховы здароўя мелася стаць сучасным інструментам, што аб’яднаў бы ўсе медычныя звесткі пра пацыентаў Беларусі ў адной базе. Праект прадугледжваў запуск сайту і мабільнай аплікацыі, праз якія беларусы атрымалі б доступ да электронных рэцэптаў, бальнічных лістоў і сваёй гісторыі лячэння.
У 2022 годзе Міністэрства аховы здароўя Беларусі падпісала кантракт на больш чым 57 мільёнаў долараў з харвацкім філіялам шведскай кампаніі «Ericsson Nikola Tesla», узгадвае DW. Аднак пасля ўвядзення Еўразвязам санкцыяў супраць дзейнай улады кампанія пастанавіла скасаваць кантракт.
Цяпер Міністэрства аховы здароўя спрабуе знайсці новага падрадніка і вымушанае фінансаваць праект выключна за кошт бюджэтных сродкаў, бо раней фінансаванне забяспечваў Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця. Тэрміны запуску сістэмы пакуль застаюцца нявызначанымі.
Надзея Вольная belsat.eu