Шуфлядка

Калі беларусам жылося вольна? Прайшліся па гісторыі з Цімохам Акудовічам

Шэсце супраць яднання Беларусі і Расеі
Шэсце супраць яднання Беларусі і Расеі. Менск, Беларусь. 2 красавіка 1997 года. Фота: Георгі Ліхтаровіч / Vytoki.net
podpis źródła zdjęcia

Беларусы адзначаюць Дзень Волі – гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспубліцы. Ды ў сучаснай Рэспубліцы Беларусь волі не відаць. Калі было відаць? Спыталі аўтара і вядоўцу перадачы «Вусы Скарыны».

Цяпер у Беларусі ніяк не воля: палітычная апазіцыя пад забаронай, нават грамадскім актывізмам займацца рызыкоўна. Беларусь на 12-м месцы з канца сярод незалежных дзяржаваў у рэйтынгу свабоды «Freedom House» – вольна, як у М’янме, на 7 балаў са 100. 


Калі ў беларусаў былі самыя вольныя дні? Распыталі гісторыка-папулярызатара і аўтара праграмы «Вусы Скарыны» на «Белсаце» Цімоха Акудовіча.


Беларусь за Лукашэнкам – самая вольная? Ці ў пачатку 90-х было свабодней?

Сяргей Навумчык (у цэнтры) на мітынгу да гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларусі. Менск, Беларусь. 25 жніўня 1992 года. Фота: Міхась Ткачоў / Vytoki.net

За Лукашэнку будуць агітаваць «страшылкамі» пра 90-я. Ці праўда ён «уратаваў краіну»?

Шуфлядка

Канешне, да 2020 года ў Беларусі жылося вальней, чым цяпер, пагаджаецца Акудовіч. Першыя 20 гадоў XXI стагоддзя – адзін з самых доўгіх хаця б адносна вольных перыядаў ува ўсёй гісторыі Беларусі. Можна было і за мяжу выязджаць, і ў Беларусі нешта рабіць, нейкі бізнес будаваць, эканамічныя ўмовы дазвалялі ствараць нешта цікавае… 


«Гэта быў не ідэальны перыяд, – кажа Акудовіч. – Вось што важна падкрэсліць: ён мог бы быць лепшым пры тых магчымасцях. Але ён дазваляў шмат чаго рабіць».


Цягам 2000-х беларусы амаль не мелі палітычнай свабоды. У пачатку 1990-х тая палітычная свабода была, ды Акудовіч задаецца філасофскім пытаннем: а што такое воля і свабода? З аднаго боку, Беларусь мела ўнікальныя пяць гадоў рэальнай свабоды, бо беларусы мелі свабоду выбару сваёй улады.

,,

«Для простага чалавека гэтая свабода выбару ўладаў была такая сабе: што яна ёсць, што яе няма, – разважае Акудовіч пра першую палову 1990-х. – Большай праблемай была эканамічная беднасць, якая абмяжоўвала пэўную свабоду для чалавека».


Беднасць абмяжоўвала свабоду развіцця, бізнесу, стварэння чагосьці свайго, працягвае ён. Калі простага чалавека спытаць, дык мо той і скажа, што для яго больш свабоднымі былі 2000-я, чым 1990-я, бо тыя гады давалі больш магчымасцяў.


А мо камусьці ў БССР вольна жылося!

Здымак «Твар эпохі» з выставы «Советская Беларусь: Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!». Дзесьці ў БССР. 1 траўня 1981 года. (Фота: Суткус Антанас / russiainphoto.ru)

Які Савецкі Саюз мы страцілі: 32 фота з позняга БССР

навіны

У Савецкім Саюзе, канешне, ніякай палітычнай свабоды не было. Але калі разважаць пра дабрабыт, дык мо хтосьці скажа, што быў самым вольным у брэжнеўскі застой, бо тады амаль усе (калі не лічыць палітычную вярхушку) былі роўна бедныя, затое можна было па Саюзе паездзіць? Ды і свая краіна намінальна была, нацыянальную культуру можна было развіваць у пэўных межах… 


Як кажа Акудовіч, для сучасных беларусаў «па гамбургскім рахунку» гэта несвабода, але для людзей таго часу гэта быў перыяд адноснай уладкаванасці, дзе несвабода разумелася як вымушаная ўмова для барацьбы з капіталізмам.

Чэмпіянат СССР па аўтамабільных гонках у Менску, БССР. 7–8 верасня 1956 года. Фота: Сяргей Васін / Mamm-mdf.ru
Чэмпіянат СССР па аўтамабільных гонках у Менску, БССР. 7–8 верасня 1956 года. Фота: Сяргей Васін / Mamm-mdf.ru

«Людзі, якія нарадзіліся ў Савецкім Саюзе, проста іншага не ведалі, – адказвае Акудовіч. – Наколькі яны адчувалі сябе несвабоднымі ад разумення таго, што яны не могуць паехаць на Захад? Мы зараз гэта ўспрымаем як максімальную несвабоду. Немагчымасць заснаваць свой бізнес, адкрыць ІП. Немагчымасць працаваць проста майстрам індывідуальным. Немагчымасць выбіраць канал інфармацыі, па якім ты атрымліваеш навіны. Гэта для нас зараз адчуванне максімальнай несвабоды, якой проста не можа быць! А для людзей савецкага часу гэта было нармальна. 


Я думаю, розніца свабоды-несвабоды мерылася палітычнымі лідарамі ў межах жыцця аднаго чалавека: за Мікітам Хрушчовым было свабодней, можна было маляваць абстракцыянізм да пэўнай ступені, пісаць нейкія кніжкі, дзе палітрукі не выглядалі ідэальнымі падчас вайны, як у Быкава. Гэта было большай свабодай, чым было да Хрушчова і чым стала пасля Хрушчова. А магчымасць паехаць на Захад – так і не было такога ніколі, што тут такога».


Заходняя Беларусь у Другой Рэчы Паспалітай – воля ці няволя?


Між Першай і Другой сусветнымі войнамі палова сучаснай тэрыторыі Беларусі была ў складзе Польшчы, а палова – у Савецкім Саюзе. Каму лепш жылося, заходнім ці ўсходнім беларусам, гэта тэма для сур’ёзнага навуковага даследавання, кажа Акудовіч. Сам ён у гэтыя часы не хацеў бы жыць ва Усходняй Беларусі – лепш у Заходняй.

Жанчыны на вакзале Баранавічы-Цэнтральны, Другая Польская Рэспубліка. 1930-я гады. Фота: невядомы аўтар / Getarchive.net
Жанчыны на вакзале Баранавічы-Цэнтральны, Другая Польская Рэспубліка. 1930-я гады. Фота: невядомы аўтар / Getarchive.net

«Ва Усходняй Беларусі быў БССР, была Беларусь, – нагадвае Акудовіч. – Можна было там, напрыклад, выкладаць у Беларускім універсітэце і рабіць нешта на карысць беларускай навукі. Але па-першае, быў вялікі страх абсалютна неабмежаваных палітычных рэпрэсіяў, магутнейшага ідэалагічнага ціску, які проста ўсе сферы жыцця закрываў. І праблемы эканамічныя, немагчымасць самастойна зарабляць грошы. І абмежаванасць інфармацыйная. Гэта ўсё ж была несвабода.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Удзельнік акцыі трымае ў руках плакат з турэмнымі кратамі, якія сімвалізуюць беларускае насельніцтва ў турмах і несвабоду ў Беларусі, у другую гадавіну прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Кракаў, Польшча. 9 жніўня 2022 года. Фота: Artur Widak / NurPhoto via Getty Images

Як змагацца ў Беларусі? Што карыснага яшчэ можна зрабіць, каб за гэта не пасадзілі

Шуфлядка

У гэтым сэнсе ў жыхароў Заходняй Беларусі свабоды было паболей. Пры тым, што жыццё ў Заходняй Беларусі было цяжкае эканамічна, але лепшае, чым ва Усходняй. Была таксама несвабода, таму што за Юзэфам Пілсудскім быў досыць аўтарытарны рэжым. Але гэтая несвабода дазваляла ўваходзіць у тыя ці іншыя партыі, фільтраваць сваю інфармацыю. Ты мог купляць газету ці якіх-небудзь хрысціянскіх дэмакратаў, ці большых сацыялістаў.


Гэта ўсё ж большая свабода. У нацыянальным сэнсе быў прыгнёт у дачыненні да беларусаў, шмат чаго не дазвалялася. Але цябе, прынамсі, за гэта не расстрэльвалі. На нейкім ніжэйшым узроўні ты мог змагацца за права адкрыць аддзел таварыства беларускай школы ў сваёй вёсцы».

,,

«Гэта была няроўная барацьба, але ў ёй можна было выйграць і нельга было загінуць, – апісвае Акудовіч узровень палітычнай свабоды ў міжваеннай Заходняй Беларусі. – Гэта вельмі складаны перыяд для ўсіх, вельмі складаны. Але калі параўноўваць усходнікаў і заходнікаў, заходнікам было свабадней».


БНР – дні нашай волі?


Хоць з нагоды абвяшчэння незалежнасці БНР адзначаюць Дзень Волі, то не была сапраўдная свабода, лічыць Акудовіч. Гэта хутчэй сімвалічная з’ява: частка вялікай барацьбы за нацыянальнае вызначэнне, якая вялася на розных франтах рознымі людзьмі. 

Бел-чырвона-белы сьцяг над будынкам Народнага Сакратарыяту Беларускай Народнай Рэспублікі. Менск, перад абвяшчэннем утварэння БНР. Люты 1918 года. Фота: невядомы аўтар / часопіс «Варта»
Бел-чырвона-белы сьцяг над будынкам Народнага Сакратарыяту Беларускай Народнай Рэспублікі. Менск, перад абвяшчэннем утварэння БНР. Люты 1918 года. Фота: невядомы аўтар / часопіс «Варта»

Акудовіч заклікае думаць не пра адну дату, 25 сакавіка 1918 года, а пра вялікі перыяд – амаль восем гадоў страшнай вайны. Спачатку Першая сусветная, потым грамадзянская вайна, развал імперыяў, разруха і дэвальвацыя ўсіх магчымых валютаў, іспанскі грып і тыф…

,,

«Ты проста выжываеш і спрабуеш паралельна пабудаваць сваю нацыянальную дзяржаву, таму што раптам стала можна, – апісвае Акудовіч 1910-я. – Гэта час не пра свабоду, гэта час пра выжыванне і пра выбар, кім ты хочаш стаць, калі гэта ўсё скончыцца».


Сабраць мужыкоў, навастрыць косы і пайсці біць акупанта – ці гэта не свабода?


З аднаго боку, беларусаў у Расейскай Імперыі цяжка назваць свабоднымі. І тыя часы з нашымі ўжо немагчыма адэкватна параўнаць. З другога боку, падымалі ж не адно паўстанне, за Тадэвушам Касцюшкам ці Кастусём Каліноўскім жа ішлі вольныя людзі, праўда?

,,

«Навастрыць косы – гэта не пра свабоду, – адказвае Акудовіч. – Гэта пра такі ўзровень парушэння свабоды, калі табе ўжо ўсё становіцца абыякава».


Ён нагадвае, што Расейская Імперыя перажыла розныя перыяды. Найважнейшы падзел – да адмены прыгоннага права ў 1861 годзе і пасля. Для бальшыні продкаў сучасных беларусаў гэта два розныя жыцці.

Эмілія Плятэр на чале касінераў у 1831 годзе, карціна XIX ст. Выява: Ян Росэн
Эмілія Плятэр на чале касінераў у 1831 годзе, карціна XIX ст. Выява: Ян Росэн

«У другой палове XIX стагоддзя ўзровень свабоды натуральным чынам паступова павялічваецца. Пры тым, што быў нацыянальны прыгнёт польскамоўных элітаў, для простага мужыка свабоды становіцца болей. І там таксама ўсё складана. За Аляксандрам II стала болей свабодаў, увялі нават суды прысяжных. Падавалася, вось ён хоча Канстытуцыю ўвесці, парламент, ёсць земствы, адкрываецца магчымасць для нармальнага самакіравання… За Аляксандрам III уся гэтая лавачка шмат у чым закрываецца».


Індывідуальная свабода натуральным чынам пакрысе пашыралася, бо Расейская Імперыя развівалася ў кантэксце сусветнай цывілізацыі. Эканамічнай свабоды таксама станавілася больш – як кажа Акудовіч, пры ўсёй анархічнасці расейскай эканомікі таго часу з’яўляліся магчымасці: то хутары прыдумаюць, то банкаўскую сістэму падлатаюць. А калі была большая ці меншая нацыянальная свабода ў імперыі, нават цяжка вызначыць.


А да Расейскай Імперыі вольна жылі! Няўжо не?


Вялікае княства Літоўскае і Рэч Паспалітая абодвух народаў – канешне, не тое самае, што сучасная Беларусь. Сама ідэя нацыяў у сучасным разуменні пачала нараджацца хіба ў апошнія гады існавання першай Рэчы Паспалітай. Але ж у ВКЛ і РП жылі продкі сучасных беларусаў. Няўжо не вольна ім жылося?


«Палітычна гэта быў час сваёй дзяржаўнасці, дзе мясцовыя эліты, немалыя ў колькасці, мелі сваю дзяржаву і вызначалі яе лёс, – разважае Акудовіч. – Гэта ў прынцыпе і ёсць свабода дзяржавы. Гэта тое, што мы вярнулі сабе толькі праз 200 гадоў, у 1990-х. У палітычным сэнсе гэта перыяд свабоды і незалежнасці, гэта факт».

,,

«Калі мы кажам пра старадаўнія часы, то палітычная свабода была свабодай для элітаў, – нагадвае Акудовіч. – У простага мужыка, ды нават у сярэдняга мешчаніна, свабодаў было ў разы менш. Сяляне наогул былі пад прыгонным правам!»


Прыгоннае права – складаная тэма, заўважае Акудовіч. Дзяржаўным прыгонным жылося лягчэй, чым прыватным. Былі адносна вольныя сяляне, былі пахожыя, якія маглі пераходзіць ад пана да пана. Былі панцырныя баяры – па сутнасці, сяляне, якія баранілі ўсходнія межы і былі агулам свабодныя. 


І ступень паншчыны мянялася ад стагоддзя да стагоддзя: у XVIII ст. было моцнае закабаленне, а ў якім XVI-м папрацаваў пару дзён на пана – і займайся сваімі справамі. Дзесьці можна было сказаць, што гэта неблагія эканамічныя адносіны селяніна і пана. Але з гледзішча сучасных людзей большая частка насельніцтва ВКЛ была ў відавочнай несвабодзе.

Рэканструкцыя бітвы пад Просткамі, у якой у 1656 годзе літвіны біліся з літвінамі. Просткі, Польшча. 9 ліпеня 2023 года. Фота: Адэля Эльза / Белсат
Рэканструкцыя бітвы пад Просткамі, у якой у 1656 годзе літвіны біліся з літвінамі. Просткі, Польшча. 9 ліпеня 2023 года. Фота: Адэля Эльза / Белсат

Мо вярнуцца яшчэ глыбей у гісторыю, калі прыгнёт быў меншым? За Вітаўтам былі дні нашай волі, за Рагвалодам? Акудовіч вяртаецца да пытання, што такое свабода. Калі свабода – гэта адсутнасць кіраўніка над табой, то чым раней, тым больш свабоды: «Можаш апынуцца ў рабстве, але можаш збегчы, ніхто цябе не знойдзе, дык ты свабодны». 

,,

«Права на свабоду тут наўпрост звязанае з рызыкай для жыцця, – кажа Акудовіч пра Сярэднявечча. – Гатовы рызыкаваць – будзеш ці мёртвы, ці свабодны».


Калі вымяраць свабоду такімі катэгорыямі, дык гэта ўсюды перыяд вялікай свабоды, пагаджаецца ён. Але калі свабода – гэта штосьці пра правы, пра жыццё ў грамадстве і пра быццё часткай сістэмы, у якой хочаш жыць, то тады ўсё не так проста.


Беларусь будзе вольнай? Ці не жылі вольна, дык і не зажывем?

,,

«Не ўсё страчана, канешне, – адказвае Акудовіч. – Гісторыя бясконцая, яна ніколі не сканчаецца і заўсёды будзе мяняцца. Відавочна, што ў Беларусі будуць проста натуральным чынам лепшыя часы ў сэнсе грамадзянскіх свабодаў. А можа, аднойчы і яшчэ горшыя прыйдуць». 


Беларусы ў Варшаве выйшлі на акцыю з нагоды святкавання Дня Волі. Варшава, Польшча. 23 сакавіка 2025 года.Фота: Белсат

«Не губляйце веры, не губляйце надзеі!» Беларусы Варшавы зладзілі святочнае шэсце напярэдадні Дня Волі

Рэпартаж

«Не ўсё, але вельмі шмат чаго залежыць ад нас, ад таго, што мы самі хочам будаваць унутры Беларусі. Ёсць шанцы на развіццё вельмі розных варыянтаў падзеяў. Мы проста павінны змагацца за тое, як мы гэта бачым».


У перадачы «Вусы Скарыны» Акудовіч дэталёва аналізуе эпізоды гісторыі Беларусі. У канцы бягучага сезону ў «Вусах Скарыны» будзе асобнае выданне пра пошук «залатых часоў» для беларусаў.

Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10