навіны

Добрыя міны пры дрэннай гульні. Гутарка з сапёрам пра Атаўскую канвенцыю і «Усходні шчыт»

«Пярэднім бокам да ворага» – знакаміты надпіс на амерыканскай супрацьпяхотнай міне M18 Claymore. Фота: facebook.com/AmericanWartimeExperience
«Пярэднім бокам да ворага» – знакаміты надпіс на амерыканскай супрацьпяхотнай міне M18 Claymore. Фота: facebook.com/AmericanWartimeExperience
podpis źródła zdjęcia

Пра магчымасць і сэнс мініравання мяжы з Расеяй і Беларуссю мы запыталіся ў Войцэха Вуйціньскага, камандзіра патрулёў па размініраванні падчас польскіх вайсковых місій у Ліване, Афганістане і Іраку, сузаснавальніка Ліванскага супрацьміннага цэнтра (LebMAC).

«Атаўская канвенцыя звязвае жаўнерам рукі»


– Міністры абароны Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі ў сумеснай заяве рэкамендавалі сваім урадам выйсці з Атаўскай канвенцыі (АК) аб вытворчасці і выкарыстанні супрацьпяхотных мін. Што гэта азначае для польскіх узброеных сіл у кантэксце рызыкі вайны з Расеяй і Беларуссю?

– Не толькі для Войска Польскага, але для кожнай арміі выкарыстанне супрацьпяхотных мін зʼяўляецца вельмі зручнай формай абарончых дзеянняў. Гэта насамрэч істотна затрымлівае марш войскаў [праціўніка], робіць цяжэйшым іх разгортванне і эфектыўна забяспечвае абарону абʼектаў.

Узяць хаця б наш «Усходні шчыт»: калі ён будзе абаронены мінамі, яго будзе сапраўды цяжка прарваць. Гаворка ідзе пра камфорт камандзіраў і запас часу, каб адрэагаваць на патэнцыйнае ўварванне.

– Патэнцыйнае мініраванне мяжы, аднак, не азначае, што яна будзе непраходнай.

– Любы бар’ер можна пераадолець. Пытанне ў тым, колькі часу гэта зойме. А ў сітуацыі ўварвання кожная хвіліна каштоўная.

Войцэх Вуйціньскі падчас місіі ў Іраку ў 2003 г. Фота з архіву суразмоўцы «Белсату».
Войцэх Вуйціньскі падчас місіі ў Іраку ў 2003 г. Фота з архіву суразмоўцы «Белсату».

– У выпадку з «Усходнім шчытом» гаворка ідзе пра вузкую паласу ўздоўж межаў з Расеяй і Беларуссю, якая цяпер умацоўваецца, і пры неабходнасці можа быць дадаткова забяспечаная мінамі. Ці можа мініраванне адбывацца ў мірны час?

– Пачнём з таго, што, згодна з міжнародным правам, усе інжынерныя бар’еры, якія абараняюцца мінамі, павінны быць абазначаныя. Павінна быць поўная інфармацыя для мясцовай супольнасці.

Але, самае галоўнае, гэта не робіцца ў мірных умовах. Усе інжынерныя збудаванні, фартыфікацыі і загараджальныя вузлы спраектаваныя такім чынам, каб іх можна было мініраваць сітуацыйна – як уручную, так і манеўруючы. Гэта не робіцца загадзя, да пачатку ваенных дзеянняў.

– То бок, гэта было б мініраванне ў апошні момант.


– Дакладна. Аднак добра спланаваны інжынерны барʼер можна эфектыўна замініраваць невялікімі сіламі і сродкамі.

– Толькі пры ўмове, што кожны сапёр зможа гэта зрабіць. Што зменіць у гэтым плане выхад з Атаўскай канвенцыі?

– Атаўская канвенцыя, першапачаткова няслушна інтэрпрэтаваная і недапрацаваная, прынятая з ідэалагічных меркаванняў, не ўлічыла, што армія не толькі дзейнічае на тэрыторыі сваёй краіны, але і выязджае на місіі. Там нашы салдаты сутыкаюцца з выбуховымі прыладамі і мінамі, якіх у нас тут няма. А часам і з такімі, што ёсць у нас. Толькі някепска было б салдату азнаёміцца ​​з імі арганалептычна. А канвенцыя давяла да такога абсурду, што супрацьпяхотныя міны нельга было выкарыстоўваць нават для навучання. Але сапёр – гэта не толькі той, хто мініруе, але і той, хто зачышчае тэрыторыю.

Ратыфікацыя канвенцыі ў 2012 годзе на некаторы час заблакавала працэс навучання, а значыць, і адпраўку людзей на працу, бо за раззбраенне непадрыхтаваны чалавек не возьмецца. На мінным полі менавіта сапёр вырашае, рабіць штосьці ці не. Ёсць залатое правіла: калі сапёр не ведае, што рабіць, ён нічога не робіць. І калі сапёры не ведалі, як абясшкодзіць супрацьпяхотную міну, яны гэтага не рабілі.

Вайскоўцы 2-га Мазавецкага інжынернага палка падчас вучэнняў па пастаноўцы супрацьтанкавых мін. Фота: facebook.com/2psap
Вайскоўцы 2-га Мазавецкага інжынернага палка падчас вучэнняў па пастаноўцы супрацьтанкавых мін. Фота: facebook.com/2psap

– Аднак з часам гэта змянілася.

– З часам прыйшла адліга, і нам дазволілі навучаць жаўнераў на супрацьпяхотных мінах. Хаця навучэнцы афіцэрскіх школ і курсаў часам дзівіліся, што мы іх гэтаму вучым, бо КА ў сіле. Потым прыйшлося ім тлумачыць, што гаворка ідзе не пра мініраванне, а пра абясшкоджванне.

– Ці мае тады Войска Польскае паўнамоцтвы, каб патэнцыйна замініраваць мяжу?

– Так, кожны ваеннаслужачы інжынерных войскаў праходзіць падрыхтоўку, і ў праграму падрыхтоўкі ўваходзіць устаноўка супрацьпяхотнай міны. Усе вучацца рабіць загараджальны і разбуральны вузел.

– А калі б Польшча не дэнансавала Атаўскую канвенцыю? Гэта была б гарантыя таго, што ў Польшчы не з’явяцца супрацьпяхотныя міны?

– Атаўская канвенцыя звязвае жаўнерам рукі. Калі мы застанёмся ў ёй, з нашага боку яны зʼявіцца не павінны. Пытанне ў тым, ці будзе яе прытрымлівацца наш патэнцыйны праціўнік, і ці не стане ён усталёўваць на акупаваных тэрыторыях супрацьпяхотныя міны. А гэта ўжо перакрэслівае ўсю канцэпцыю Атаўскай канвенцыі, таму што мірныя жыхары ўсё роўна будуць падвяргацца небяспецы.


Калі не мы, то іншыя

Савецкая касетная міна ПФМ-1, знойдзеная ўкраінскімі сапёрамі ў Харкаўскай вобласці. Фота: ДСНС Украіны
Савецкая касетная міна ПФМ-1, знойдзеная ўкраінскімі сапёрамі ў Харкаўскай вобласці. Фота: ДСНС Украіны

– Расея не зʼяўляецца падпісантам Атаўскай канвенцыі і выкарыстоўвае ва Украіне ўвесь арсенал, назапашаны з часоў СССР.

– У гэтым як раз і заключаецца слабасць канвенцыі. Калі пачынаюцца ваенныя дзеянні, канвенцыі дэ-факта перастаюць дзейнічаць. Толькі калі пыл вайны асядае, людзі зазіраюць у правілы і пачынаюць зводзіць рахункі.

,,

Для дасягнення ваеннай мэты, абарончай ці наступальнай, выкарыстоўваюцца ўсе сілы і сродкі.


– Таму можна чакаць, што ў выпадку вайны за спінамі нашых войскаў з’явяцца мінныя палі, створаныя расейскай авіяцыяй.

– Вядома. І іх мэтай будзе не забеспячэнне тэрыторыі, а знішчэнне жывой сілы. У іх выпадку ні пра якое планавае мініраванне гаворка не ідзе.

Рэч у тым, што падчас узброеных канфліктаў ніхто не паспявае гэта прыбіраць. І вось тут пасля вайны ўзнікае праблема. Але гэта тычыцца не толькі мін. Сапёрныя патрулі, якія мы бачым на нашых дарогах, усё яшчэ ўдзельнічаюць у Другой сусветнай вайне, бо зачышчаюць тэрыторыі пасля яе. Таму што пагрозу насельніцтву ўяўляе не толькі адзін гэты від мін, але ўсё тое, што выкарыстоўваецца для барацьбы.

– Намеснік міністра абароны Павел Бэйда ў інтэрвʼю RMF FM заявіў, што Польшча павінна будзе вырабіць да мільёна мін. Гэта значыць, што нам трэба аднаўляць іх вытворчыя магчымасці.

– На жаль, Польшча зрабілася настолькі залежнай ад рэшты свету, што яе магутнасці па вытворчасці выбуховых рэчываў і боепрыпасаў, пачынаючы з пораху, аказаліся на самым нізкім узроўні. Мы, праўда, вырабляем траціл, але ніхто яго не апрацоўвае. Дагэтуль усё імпартавалася, пераважна з Усходу. У той час, калі я служыў, міны на нашых складах былі вытворчасці СССР.

Марскі пяхотнік ЗША ўсталёўвае супрацьпяхотную міну падчас базавай ваеннай падрыхтоўкі. Фота: trngcmd.marines.mil
Марскі пяхотнік ЗША ўсталёўвае супрацьпяхотную міну падчас базавай ваеннай падрыхтоўкі. Фота: trngcmd.marines.mil

– Аднак не ўсе краіны НАТА падпісалі гэтую канвенцыю, а некаторыя дагэтуль маюць у сваім арсенале супрацьпяхотныя міны. Ці маглі б у выпадку канфлікту амерыканскія войскі выкарыстаць іх для забеспячэння сваіх абарончых пазіцый у Сувальскім калідоры?

– На мой погляд, так, таму што ЗША не зʼяўляюцца падпісантамі. З такой інтэрпрэтацыяй амерыканскія салдаты маглі б нават замініраваць наш «Усходні шчыт», калі б мы не маглі зрабіць гэта самі.

,,

Але гэта толькі падчас канфлікту. Незалежна ад канвенцый, у мірны час няма магчымасці рабіць мінныя палі.


Бяспека не мае цаны


– «Усходні шчыт» будзе ўяўляць з сябе паласу ўмацаванняў уздоўж мяжы, у межах бачнасці з дапамогай бінокля альбо беспілотніка. Ці ёсць сэнс рабіць мінныя палі на вачах праціўніка?

– Вядома, сэнс ёсць! Нават калі б гэта спыніла наступ толькі на гадзіну. Таму што любыя дзеянні, якія затрымліваюць праціўніка, эфектыўныя і пажаданыя. Нават калі гэта былі б жэрдкі, убітыя ў зямлю.

Мірныя жыхары могуць падумаць, што «Усходні шчыт» – гэта проста тонкая палоска зямлі побач з мяжой. А «Усходні шчыт» – гэта ўся інфраструктура, падрыхтаваная да знішчэння, затаплення, альбо да затрымкі руху войскаў.

У асноўным паказваюць будаўніцтва бетонных загарод і ўзвядзенне процітанкавых вожыкаў, таму што гэта заўважна, кідаецца ў вочы і прыцягвае ўвагу медыяў. Але гэта не проста палоска зямлі. Гэта цэлы комплекс злучаных паміж сабой перашкодаў, у тым ліку натуральных.

Будаўніцтва супрацьтанкавых загарод «Усходняга шчыта». Сакавік 2025 г. Фота: MON / x.com
Будаўніцтва супрацьтанкавых загарод «Усходняга шчыта». Сакавік 2025 г. Фота: MON / x.com

– Некаторыя адзначаюць, што Польшча абрала значна даражэйшае рашэнне, чым Расея і Украіна, пабудаваўшы замест «зубоў дракона» ў выглядзе пірамід масіўныя жалезабетонныя «вожыкі». Бо «вожыка» таксама можна падарваць або перанесці машынай тэхпадтрымкі.

– Перамясціць іх не так проста, бо замест таго, каб каціцца, яны куляюцца і захрасаюць у зямлі.

Можна запярэчыць, што будаваць хвалярэз уздоўж мяжы вельмі дорага. Але вяртанне зямлі каштуе значна большай крыві, і гэта не вымераць грашыма. Будаўніцтва ўмацаванняў патрабуе вялікіх грошай, але гэта павінна дазволіць нам спакойна жыць у сваёй краіне. У гэтым пытанні грошы – апошні элемент, які трэба ўлічваць.

,,

Вялікая кітайская сцяна таксама каштавала нятанна. Цяпер трэба зрабіць усё, каб наш праціўнік не захацеў праверыць, ці акупіліся гэтыя выдаткі.


Міннай бяспецы трэба вучыць з дзіцячага садка

– Вернемся да супрацьпяхотных мін. Ёсць меркаванні, што іх выкарыстанне на «Усходнім шчыце» не было б асаблівай пагрозай для насельніцтва.

– Ці гэта бяспечна? Міны прызначаныя для выкарыстання жаўнерамі супраць іншых жаўнераў. Так што, калі гэта робяць свядомыя і грунтоўна падрыхтаваныя людзі, гэта бяспечна і дзейнічае нам на карысць, затрымліваючы марш праціўніка. Так што нельга сказаць, што міны кепскія.

Што тычыцца мірных жыхароў, то іх там быць не павінна. Мініраванне павінна непасрэдна папярэднічаць атацы супрацьлеглага боку. Гэта не робіцца ў прысутнасці людзей, якіх неабходна спачатку эвакуяваць і вывесці з зоны. Так што падчас баявых дзеянняў міны не ўяўляюць пагрозы для мірнага насельніцтва.

Аднак пасля спынення ваенных дзеянняў кожны бок абавязаны «прыбраць» за сабой.

Боепрыпасы, якія засталіся ад вайны ў Іраку, забяспечылі і знішчылі польскія сапёры. Фота з прыватнага архіва Войцэха Вуйціньскага
Боепрыпасы, якія засталіся ад вайны ў Іраку, забяспечылі і знішчылі польскія сапёры. Фота з прыватнага архіва Войцэха Вуйціньскага

– Як гэта выглядае?

– Пры стварэнні міннага поля складаецца яго дакументацыя, у якой улічваецца ў тым ліку прывязка барʼера да кропак мясцовасці, што не зменяцца ў выніку баёў. У наш час такую ​​мапу робяць таксама з дапамогай GPS. У гэтай дакументацыі павінны быць пералічаныя ўсе тыпы мін і ўсе міны, якія не падлягаюць перамяшчэнню і павінны быць знішчаныя на месцы.

А пасля заканчэння ўзброенага канфлікту бакі дамаўляюцца – часта праз пасярэдніка – знішчыць інжынерныя бар’еры. Гэта можа быць абмен дакументацыяй або адпраўка сваіх войскаў для нейтралізацыі таго, што яны паставілі.

,,

Меркавалася, што міны не павінны быць пагрозай мірным жыхарам. Але ўсе ведаюць, што гэта выглядае па-рознаму. Давайце паглядзім на Афрыку, дзе няма рэгулярных войскаў, няма правілаў. Кожны ваюе тым, што мае, і часта не ў адпаведнасці з мэтавым прызначэннем гэтых сродкаў вядзення вайны. Менавіта ў падобных сітуацыях узнікаюць праблемы для мірных жыхароў, якія гінуць і атрымліваюць раненні.


– Тэарэтычна міны не ўяўляюць пагрозы мірным жыхарам падчас баявых дзеянняў, а толькі пасля іх спынення.

– Так, большая праблема з’яўляецца ў фазе стабілізацыі канфлікту і пасля яго заканчэння, калі людзі вяртаюцца ў свае дамы. Асабліва небяспечна ў раёнах, якія былі замініраваныя хаатычна, калі да вяртання насельніцтва тэрыторыю ніхто не прывядзе ў парадак.

Варта падкрэсліць, што гэта тычыцца не толькі супрацьпяхотных мін, але і супрацьтанкавых, неразарваных боепрыпасаў і ўсіх астатніх смяротна небяспечных ваенных «цацак». Яны ляжаць не толькі ў палях і лясах, але і ў будынках па ўсім раёне баявых дзеянняў.

Перадача тэрыторыі насельніцтву пасля заканчэння канфлікту дзеліцца на некалькі этапаў. Спачатку расчышчаюцца стратэгічныя абʼекты (дарогі і масты), затым прамысловасць і інфраструктура, якая дазваляе выжыць (гідраканалы, электрастанцыі, шпіталі), затым ідуць дамы і палі, і толькі ў самым канцы лясы і вадаёмы. Перадача тэрыторыі не азначае, што ўсюды адразу бяспечна.

Сапёр украінскай Дзяржаўнай службы надзвычайных сітуацый (аналаг польскай Дзяржаўнай пажарнай службы) зачышчае тэрыторыю пад лініяй электраперадач. Фота: ДСНС Украіны
Сапёр украінскай Дзяржаўнай службы надзвычайных сітуацый (аналаг польскай Дзяржаўнай пажарнай службы) зачышчае тэрыторыю пад лініяй электраперадач. Фота: ДСНС Украіны

– Мы ўвесь час гаворым пра людзей, а як жа жывёлы, у тым ліку дзікія?

– Міны ўяўляюць смяротную пагрозу для жывёл. Прывяду прыклад з Лівана. Каб вызначыць, ці заклала Хезбала мінныя палі, ізраільскія войскі гналі перад сабой статкі авечак. Салдаты пужалі іх стрэламі, каб тыя паказалі, ці ёсць міны.

Пытанне дзікіх жывёл складанае, бо мы не можам іх пільнаваць. Ствараючы міннае поле, мы прымаем рызыку таго, што туды залезе нейкая жывёла. Але мы кажам альбо пра абарону радзімы, альбо пра экалогію. Трэба нешта выбраць. Як спяваў Ян Войдак, «не шкада ружаў, калі гарыць лес».

– Хто будзе прыбіраць гэтыя міны?

– Каб дакладна адказаць на гэтае пытанне, трэба вызначыць час, то бок фазу канфлікту. Падчас ваенных дзеянняў за гэта адказваюць вайскоўцы – ад мініравання, праз утрыманне мінных палёў, да размініравання.

Аднак пасля спынення баявых дзеянняў ва ўсім свеце – ад Балкан да Камбоджы – размініраваннем займаюцца грамадзянскія кампаніі, якія падрыхтаваныя да гэтага і бяруць на сябе адказнасць. У іх працуюць пераважна выдатныя спецыялісты, у тым ліку шмат палякаў, славакаў, сербаў, якія ў размініраванні разбіраюцца найлепш. Неабавязкова гэта вайсковая адзінка, але такая кампанія павінна кантралявацца дзяржавай і яе структурамі.

Сапёры ўкраінскай пажарнай службы абясшкоджваюць авіяцыйную бомбу. Паводле суразмоўцы «Белсату», у Польшчы задачы грамадзянскай абароны павінны заканчвацца забеспячэннем бяспекі тэрыторыі. Фота: ДСНС Украіны
Сапёры ўкраінскай пажарнай службы абясшкоджваюць авіяцыйную бомбу. Паводле суразмоўцы «Белсату», у Польшчы задачы грамадзянскай абароны павінны заканчвацца забеспячэннем бяспекі тэрыторыі. Фота: ДСНС Украіны

– Украіна паказвае, што ваенныя сапёры патрэбныя на перадавой, а «гуманітарнае» размініраванне на вызваленых тэрыторыях ажыццяўляецца фармаваннямі, падпарадкаванымі МУС. Для гэтага ў Дзяржаўнай службе па надзвычайных сітуацыях ствараецца буйны сапёрны кампанент. Ці бачыце вы ў ліку задач грамадзянскай абароны размініраванне?

– Гэта можна ўключыць у спіс задач грамадзянскай абароны, але працэс навучання сапёраў працяглы, і немагчыма адразу ўзяць аднекуль патрэбную колькасць. Роля грамадзянскай абароны можа заключацца ў забяспечванні і абазначэнні тэрыторыі пасля атрымання заяўкі ад насельніцтва. А затым у інфармаванні вайскоўцаў, якія правядуць поўную разведку міннага поля і акрэсляць яго межы.

А калі грамадзянская абарона мела б адказваць за выяўленне пагроз і размініраванне, то, на мой погляд, армія павінна дэлегаваць туды падрыхтаваных жаўнераў для каардынацыі, арганізацыі або непасрэднага дзеяння.

Задачай Упраўлення грамадзянскай абароны таксама павінна быць павышэнне дасведчанасці насельніцтва аб міннай пагрозе.

Дзеці на ўроку міннай бяспекі ў вучэбным кабінеце пажарнай службы Украіны. Фота: ДСНС Украіны
Дзеці на ўроку міннай бяспекі ў вучэбным кабінеце пажарнай службы Украіны. Фота: ДСНС Украіны

– Значыць, пытанні міннай бяспекі павінны абмяркоўвацца ў грамадстве ўжо цяпер?

– Раней такія пытанні вывучаліся падчас заняткаў па грамадзянскай бяспецы ў школах. Сэнс быў не ў тым, каб паказаць, як выглядае міна, а каб навучыць рэагаваць на нешта, што здаецца дзіўным. І такі спосаб навучання насельніцтва рэагаванню на прысутнасць розных ваенных абʼектаў павінен быць і цяпер. Бо гэтая праблема ёсць і будзе. Зямля ўсё яшчэ выштурхоўвае з сябе рэшткі Другой сусветнай вайны.

У часы нявызначанасці, у часы пагрозы ўзброенага канфлікту навучанне бяспецы павінна быць пашыранае. І, па сутнасці, яго трэба праводзіць з дзіцячага садка, адаптуючы да ўспрымання аўдыторыі, зразумела.

З 5-6 гадоў трэба прывучаць дзяцей да таго, што калі яны знаходзяць невядомы прадмет, трэба не чапаць яго і не калупацца ў ім, а абазначыць і паведаміць бацькам. Ліван паказаў, што ў выпадку дзяцей цікаўнасць – найбольш частая прычына трагедый, звязаных з мінамі і неразарванымі боепрыпасамі.

Гутарыў Пётр Яворскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10