Як БНР прымусіла Леніна стварыць БССР? Чаму Дзень Волі 25 сакавіка – свята?

Абвешчаная 25 сакавіка 1918 года БНР прымусіла Леніна стварыць БССР (ССРБ). Паўплывалі на гэта беларускія камуністы Жылуновіч і Чарвякоў. У чым БНР і БССР падобныя? І чаму Беларусь павінна адзначаць Дзень Волі? Гісторыя ад «Вусоў Скарыны».

Бальшавікі пасля праведзенага Кастрычніцкага перавароту ў 1917 годзе марылі пра сусветную рэвалюцыю, але рэчаіснасць прымусіла Леніна спусціцца з неба на зямлю і заняцца нацыянальным пытаннем. Аднак чаму ў Беларусі 1 студзеня 1919 года паўстала БССР? Тлумачыць Цімох Акудовіч, вядоўца праграмы «Вусы Скарыны»:

,,

«Галоўная прычына – гэта БНР. Не мог Ленін і іншыя камуністы заплюшчыць вочы на тое, што побач з імі вырастае хай сабе і кволае, але самастойнае палітычнае ўтварэнне. Па-першае, сам факт абвяшчэння БНР, а пасля незалежнасці БНР стаў моцным палітычным крокам. Гэта быў афіцыйны акт, які засведчыў, што беларусы будуць імкнуцца да сваёй дзяржаўнасці. Па-другое, дыпламатычная работа БНР. Пры ўсіх праблемах новага ўраду, менавіта дыпламатычную работу БНР разгарнула па-сур’ёзнаму. Найперш былі наладжаныя адносіны з Украінскай Народнай Рэспублікай, якая тады была прызнаная ў Еўропе. Наладжаныя стасункі з літоўскім урадам, Антон Луцкевіч неаднойчы сустракаўся з Пілсудскім і Падарэўскім – найвышэйшымі кіраўнікамі Польшчы. Таксама БНР адкрыла прадстаўніцтвы ў іншых краінах: Эстоніі, Фінляндыі, Турцыі, Нямеччыне і так далей».


Апрача таго, БНР пачала падтрымліваць разнастайныя беларускія вайсковыя аддзелы, якія паўставалі ў іншых краінах.

Да гэтага дадалася і пазіцыя беларускіх камуністаў на чале з Жылуновічам і Чарвяковым, якія здолелі прасунуць ідэю абвяшчэння Савецкай Беларусі. Але ў чым БНР і БССР падобныя?

Адказ шукайце ў новым выданні «Вусоў Скарыны», прысвечаным Дню Волі.

belsat.eu