У сталіцы Саудаўскай Аравіі Эр-Рыядзе стартавалі перамовы паміж прадстаўнікамі ЗША і Расеі. Сустрэча праходзіць у закрытым фармаце, і журналістаў папрасілі пакінуць тэрыторыю гатэлю «Ritz-Carlton», дзе адбываецца падзея.
Расейскую дэлегацыю рэпрэзентуюць кіраўнік камітэту Савету Федэрацыі ў міжнародных справах Грыгорый Карасін і дарадца дырэктара ФСБ Сяргей Бяседа. З амерыканскага боку перамовы вядуць старэйшы дырэктар Рады нацыянальнай бяспекі Белага дому Эндру Пік і высокапастаўлены чыноўнік Дзярждэпартаменту ЗША Майкл Энтан.
Паводле ранейшых заяваў памочніка прэзідэнта РФ Юрыя Ушакова, асноўнай тэмай сустрэчы ёсць магчымасць аднаўлення так званай чарнаморскай ініцыятывы, якая закранае бяспеку суднаходства ў рэгіёне. Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў таксама заяўляў, што акрамя збожжавай угоды будуць абмяркоўвацца і іншыя аспекты спынення вайны.
Як паведамляюць крыніцы, ключавым пытаннем перамоваў можа быць 30-дзённы мараторый на ўдары ў энергетычную інфраструктуру. У той жа час ЗША спрабуюць распаўсюдзіць замірэнне і на суднаходства ў Чорным моры.
Гэта не першая такая сустрэча. 18 лютага ў Эр-Рыядзе ўжо праходзілі перамовы расейскай і амерыканскай дэлегацыяў, пасля чаго Доналд Трамп правёў тэлефонныя размовы з Уладзімірам Пуціным і Уладзімірам Зяленскім, абмяркоўваючы частковае спыненне агню. Тады канкрэтныя тэхнічныя параметры замірэння так і не былі ўзгодненыя.
23 сакавіка, напярэдадні сённяшняй сустрэчы паміж ЗША і Расеяй, у Эр-Рыядзе прайшлі перамовы паміж амерыканскай і ўкраінскай дэлегацыямі. Міністр абароны Украіны Рустэм Умераў перад сустрэчай заявіў, што размова будзе ў асноўным тэхнічнай і ўключыць экспертаў у сферы энергетыкі, а таксама вайсковых спецыялістаў. Па выніках перамоваў ён назваў дыскусію «канструктыўнай і змястоўнай», не ўдаючыся ў дэталі.
Паводле звестак выдання «Bloomberg», ЗША спадзяюцца дасягнуць замірэння ў вайне Расеі супраць Украіны да Вялікадня, які адзначаецца 20 красавіка, нягледзячы на павелічэнне расейскіх атак на ўкраінскія гарады і нежаданне Масквы спяшацца з дамоўленасцю.
Раман Шавель belsat.eu