Беларусы разам з грузінамі і малдаванамі трапілі ў Польшчы ў групу замежнікаў, якіх найчасцей дэпартуюць з краіны.
Гэтак, з пачатку года з Польшчы дэпартавалі 240 беларусаў, піша выданне «Rzeczpospolita».
«Сярод замежнікаў, у дачыненні якіх былі прынятыя пастановы аб абавязку вяртання, найбольшую колькасць складалі грамадзяне Грузіі, Беларусі і Малдовы», – кажа прэс-сакратар штабу Памежнай аховы падпалкоўнік Анджэй Юзьвяк.
Агулам з пачатку года з Польшчы выслалі 1300 замежнікаў, у параўнанні з такім жа перыядам летась рост склаў 85 % (у мінулым годзе было 700 чалавек).
Выданне паведамляе, што «амаль палову ўсіх дэпартаваных склалі грузіны і беларусы». З Польшчы дэпартавалі 260 грузінаў, таксама з краіны выдалілі 150 грамадзянаў Малдовы, 90 калумбійцаў і больш за 80 украінцаў.
,,«Гэта падобна на аналагічны перыяд мінулага года – толькі тады ў тройцы лідараў было яшчэ 60 расейцаў», – піша выданне.
Выслалі пераважна замежнікаў, якія пагражалі «бяспецы і грамадскаму парадку Польшчы». Як правіла, гэта рэцыдывісты, якіх судзілі за напады, бойкі, цялесныя пашкоджанні. Сярод дэпартаваных шмат кіроўцаў з судзімасцямі за кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага ап'янення і забаронамі на кіраванне, якія яны часта парушаюць.
Прычынай росту колькасці дэпартаваных беларусаў, кажа выданне, спасылаючыся на аднаго з афіцэраў Памежнай аховы, ёсць «масавая выдача гуманітарных візаў, практычна без кантролю і правярання». Гэта, паводле крыніцы выдання, дало адваротны вынік. «Цяпер пазбаўляемся ад тых, хто гэтага не заслужыў», – адзначыў суразмоўца.
Выданне таксама называе колькасць выдадзеных польскім урадам гуманітарных візаў за чатыры гады – іх атрымалі 53 тысячы беларусаў.
Раман Шавель belsat.eu