навіны

Улады рыхтуюць «народнае апалчэнне» на мяжы з Украінай: набіраюць «сур’ёзных мужыкоў»

Здымак носіць ілюстрацыйны характар.
Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by
podpis źródła zdjęcia

Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі працягвае фармаванне «народнага апалчэння» ў памежных з Украінай раёнах. Што цікава, у падраздзяленні набіраюць мужчынаў, якія прайшлі службу яшчэ ў савецкія часы.

Намеснік міністра ўнутраных справаў і камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў заявіў пра актыўную падрыхтоўку «народнага апалчэння» ў рэгіёнах, што мяжуюць з Украінай. Паводле яго, ідэя нарадзілася ў кантэксце задачы «запэўнівання бяспекі» і ажыццяўляецца ўжо «дзевяць месяцаў».



«Высока матываваныя і просяць больш патронаў»



Нагадаем, упершыню пра стварэнне такіх структураў загаварылі пасля заявы Генштабу пра неабходнасць задзейнічаць насельніцтва ў выпадку «ўварвання».


Карпянкоў распавёў, што ў падраздзяленні набіраюцца «сур’ёзныя мужыкі, якія служылі ў 70–80-ыя гады». Усе яны нібыта «высока матываваныя» і «просяць больш патронаў».

Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Фота: скрыншот з YouTube-каналу УВ
Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Фота: скрыншот з YouTube-каналу УВ


«Яны гатовыя абараняць свой дом, сям’ю, Рэспубліку Беларусь», – заявіў ён.


Паводле Карпянкова, «народнае апалчэнне» будзе выконваць задачы ў інтарэсах МУС: падтрымліваць надзвычайнае ці ваеннае становішча, дзяжурыць на блокпастах, патруляваць тэрыторыю і ахоўваць крытычна важныя аб’екты. На сённяшні момант у памежных гарадах набіраюць 150–200 чалавек у кожны рэгіён.


Пры гэтым ён спаслаўся на досвед Курскай вобласці Расеі і падзеі ва Украіне:


«Гледзячы на тое, што там адбываецца, людзям тлумачыць не трэба, навошта гэта», – сказаў Карпянкоў.



Што вядома пра народнае апалчэнне



Упершыню пра ўдзел «народнага апалчэння» ў абарончых аперацыях загаварылі 23 жніўня 2024 года. Намеснік начальніка Генштабу Віктар Тумар заявіў, што ў выпадку «ўварвання войскаў Украіны» будуць выкарыстаныя сілы тэрытарыяльнай абароны і апалчэнцы. Паводле яго, гэта мусіць даць «магчымасць людзям адстойваць свой дом са зброяй у руках».


У 2023 годзе ў Беларусі быў прыняты закон «Аб народным апалчэнні». Згодна з дакументам, апалчэнцы фармуюцца пры кожным сельсавеце «на добраахвотнай аснове» і мусяць дапамагаць МУС пры ваенным становішчы або для «абароны ўласнасці». Ініцыятыва стварыць такія структуры паходзіла асабіста ад Аляксандра Лукашэнкі.

Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Фота: Мінабароны РБ / Тэлеграм
Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Фота: Мінабароны РБ / Тэлеграм


А прычым тут вайсковыя зборы?



Таксама нагадаем, што, выступаючы на Мюнхенскай канферэнцыі бяспекі, Уладзімір Зяленскі заявіў: Кіеў «дакладна разумее, што збіраюцца рабіць з Беларуссю». Ён падкрэсліў, што Расея выкарыстоўвае тэрыторыю Беларусі як плацдарм для нападу:


«Расея рыхтуе 15 дывізіяў, 100–150 тысяч вайскоўцаў рыхтуюцца да абвастрэння сітуацыі на беларускім кірунку. Я не ўпэўнены, што яны нападуць менавіта на Украіну, але яны нападуць. Магчыма, на Украіну, магчыма, на Польшчу, магчыма, на краіны Балтыі».


Беларусь і Расея актыўна развіваюць супольныя вайсковыя праграмы. З 2009 года рэгулярна праводзяцца маштабныя вучэнні серыі «Захад», скіраваныя на адпрацоўванне абарончых аперацыяў. У 2021-м міністры абароны дзвюх краінаў падпісалі праграму стратэгічнага партнёрства на пяць гадоў, якая прадугледжвае стварэнне цэнтраў супольнага рыхтавання вайскоўцаў.


У пачатку 2022 года Расея выкарыстала Беларусь у якасці плацдарму для поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Дарэчы, тады гэта адбылося пасля тыднёвых «вайсковых вучэнняў», якія Менск дазволіў правесці на сваёй тэрыторыі расейскім узброеным сілам і якія былі прыкрыццём для запланаванага нападу.


Нядаўна Узброеныя сілы Беларусі зноў пачалі правяраць баявую гатовасць. Таму беларусаў пачалі масава выклікаць на вайсковыя зборы. Як заявіў кіраўнік Міністэрства абароны Віктар Хрэнін, гэта робіцца з увагі на асаблівасці актуальнай сітуацыі:


«Абстаноўка абавязвае нас трымаць руку на пульсе і трымаць порах сухім, быць гатовымі да таго, для чаго прызначаныя Узброеныя сілы, пры неабходнасці – забяспечыць абарону суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь».


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10