У лютым 2025 года інфляцыя ў Беларусі склала 5,6 % у гадавым вымярэнні. Гэта адзін з найвышэйшых паказнікаў у Еўропе.
Паводле звестак Еўрастату, у лютым 2025 года сярэдні гадавы ўзровень інфляцыі ў ЕЗ склаў 2,7 %. У еўразоне, якая аб’ядноўвае 20 з 27 краінаў ЕЗ, гэты паказнік знізіўся да 2,3 %.
У Беларусі інфляцыя за аналагічны перыяд склала 5,6 %, што значна перавышае сярэднія еўрапейскія тэмпы росту цэнаў.
Найвышэйшая інфляцыя сярод краінаў Еўразвязу была зафіксаваная ў Вугоршчыне – 5,7 %, што робіць Беларусь другой у гэтым спісе. Далей ідуць Румынія (5,2 %) і Эстонія (5,1 %).
Найніжэйшыя тэмпы росту коштаў адзначаныя ў Францыі (0,9 %), Ірландыі (1,4 %) і Фінляндыі (1,5 %).
Нагадаем, паводле Белстату, цэны ў лютым адносна студзеня выраслі на 1,3 %, з пачатку года – на 2 %.
Найбольш за год выраслі ў цане харчовыя тавары (на 6,7 %) і паслугі (на 6,5 %). Нехарчовыя тавары падаражэлі на 3,4 %.
З пачатку году харчовыя тавары сталіся даражэйшымі на 1,6 %, нехарчовыя – на 1 %, а паслугі – на 4 %.
У лютым адносна студзеня камунальныя паслугі падаражэлі на 10,5 %, побытавыя – на 1,4 %, медычныя – на 0,9 %. Вопратка вырасла ў цане на 1,1 %, а рыба і рыбапрадукты – на 1 %. Лекі сталіся даражэйшымі на 0,6 %.
Паказнік гадавой інфляцыі ў Беларусі перавышае прагнозны. Паводле вынікаў 2025 года, яна мелася скласці не больш за 5 %. Пры гэтым у параўнанні са студзенем рост цэнаў паскорыўся: у мінулым месяцы гадавая інфляцыя складала 5,2 % супраць цяперашніх 5,6 %.
Надзея Вольная belsat.eu