навіны

Названая дата, калі Трамп спадзяецца дасягнуць замірэння паміж Расеяй і Украінай

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Україна Сьогодні | Новини / Telegram
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Україна Сьогодні | Новини / Telegram
podpis źródła zdjęcia

ЗША спадзяюцца дасягнуць замірэння ў вайне Расеі супраць Украіны ў найбліжэйшыя тыдні, нягледзячы на павелічэнне расейскіх атак на ўкраінскія гарады і нежаданне Масквы спяшацца з дамоўленасцю.

Белы дом разлічвае заключыць пагадненне да 20 красавіка, калі і ў заходнім, і ў праваслаўным свеце адзначаецца Вялікдзень, але прызнае, што тэрміны могуць змяніцца праз моцныя разыходжанні ў пазіцыях бакоў, піша «Bloomberg».

У найбліжэйшыя дні ў Саудаўскай Аравіі адбудуцца паралельныя перамовы прадстаўнікоў ЗША, Расеі і Украіны, што будзе першай такой сустрэчай з сакавіка 2022 года, калі варожыя бакі сустракаліся ў Стамбуле.

Доналд Трамп сцвярджае, што неўзабаве наступіць поўнае замірэнне, але Расея выстаўляе жорсткія патрабаванні, у тым ліку спыніць перадачу зброі Украіне, чаго Кіеў і яго саюзнікі не прымаюць. У той жа час еўрапейскія чыноўнікі асцерагаюцца, што імкненне Трампа да дыпламатычнага трыумфу прывядзе яго да неабходнасці ахвяраваць інтарэсамі Украіны і пагадзіцца на ўмовы, якія зробяць краіну ўразлівай для будучых расейскіх нападаў.

24 сакавіка на перамовах у Саудаўскай Аравіі плануецца абмеркаваць 30-дзённае замірэнне, якое датычыць удараў у энергетычныя аб’екты, а таксама магчымасць распаўсюджання гэтага замірэння на суднаходства ў Чорным моры.

Выданне адзначае, што Уладзімір Зяленскі заявіў пра гатовасць Кіева быць «канкрэтным і вельмі хуткім у перамовах». Украінскі прэзідэнт пасылае на перамовы міністра абароны і двух галоўных памочнікаў прэзідэнта і спадзяецца скласці спіс аб'ектаў, якія будуць ахопленыя абмежаваным спыненнем агню.

У той жа час Расея адпраўляе на перамовы чыноўнікаў ніжэйшага ўзроўню, што можа сведчыць пра яе нежаданне спяшацца з пагадненнем. Крэмль не гатовы да саміту Пуціна і Трампа, пакуль не будзе распрацаванае комплекснае мірнае пагадненне.

У той жа час, адзначаюць аўтары выдання, Трамп разумее, што любая ўгода павінна быць прымальнай для Кіева, каб мець поспех, і таму не гатовы саступаць занадта шмат. ЗША таксама не пагодзяцца на саміт, пакуль не будзе заключанае трывалае пагадненне аб спыненні агню, адзначылі выданню людзі, знаёмыя з пазіцыяй Злучаных Штатаў.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10