Праз больш як пяць тыдняў шпіталізацыі Папа Францішак упершыню паказаўся на публіцы. Ён памахаў вернікам з гаўбца лякарні Джэмэллі і неўзабаве пакінуў медустанову.
У нядзелю, 23 сакавіка, 88-гадовы Папа Рымскі Францішак упершыню з'явіўся на публіцы пасля цяжкой хваробы. Ён паказаўся на гаўбцы рымскай клінікі Джэмэллі, у якой быў з 14 лютага.
Пантыфік усміхнуўся, памахаў рукою радаснаму натоўпу і сказаў у мікрафон: «Дзякуй усім». Пасля перахрысціў прысутных і вярнуўся ў палату. Праз некалькі хвілінаў яго ўжо бачылі ў аўтамабілі, які выязджаў з тэрыторыі шпіталю. Папа вітаў вернікаў з акна аўта.
Нагадаем, Францішак быў шпіталізаваны з цяжкой рэспіраторнай інфекцыяй, якая выклікала двухбаковае запаленне лёгкіх. Некалькі тыдняў стан пантыфіка заставаўся крытычным. У медыях з'яўляліся паведамленні пра ягоную магчымую адстаўку.
У Ватыкане паведамілі, што ягоны стан цяпер стабільны. Папа больш не мае патрэбы ў штучнай вентыляцыі лёгкіх, атрымлівае кісларод праз трубку пад носам і нанова вучыцца гаварыць пасля кіслароднай тэрапіі.
Калі Папа вернецца да звычайных абавязкаў, пакуль невядома. Адзначаецца, што падставаў для ягонай адстаўкі пакуль няма.
Надзея Вольная belsat.eu