навіны

Старшыня групы міжнародных экспертаў ААН: Рэпрэсіі ў Беларусі не толькі не слабеюць, а нават узмацняюцца

Карына Маскаленка. Скрыншот з відэа: Белсат
Карына Маскаленка. Скрыншот з відэа: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Улады Беларусі не пайшлі на супрацу з міжнароднымі экспертамі, якія атрымалі мандат Рады правоў чалавека ААН для расследавання фактаў парушэння правоў чалавека ў нашай краіне. Улады называюць яго контрпрадуктыўным і тупіковым. Аднак самыя эксперты мяркуюць, што расследаванне ўсё ж дапаможа прыцягнуць вінаватых да адказнасці. Тым больш, што рэпрэсіі ў Беларусі толькі пашыраюцца.

19 сакавіка на 58-й сесіі Рады правоў чалавека ААН у Жэневе група незалежных экспертаў адносна сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі прэзентавала першы даклад пасля надання ёй усёабдымнага мандату. Старшыня групы Карына Маскаленка ў сваім выступе заявіла, што жорсткая рэакцыя ўладаў Беларусі на беспрэцэдэнтныя масавыя пратэсты 2020 года была праявай існай мадэлі кіравання. Паводле эксперткі, пакуль у Беларусі адсутнічаюць дэмакратычныя інстытуты і незалежная судовая сістэма, захоўваецца ўспрыманне грамадзянскай супольнасці як пагрозы, а таксама існуе культура беспакаранасці, «рэпрэсіі і гвалт, верагодна, працягнуцца, прымушаючы ўсё больш беларусаў з'язджаць з краіны».

,,

«У адрозненне ад папярэдніх выбарчых цыклаў, калі масавыя арышты адбываліся на працягу некаторага часу пасля выбараў, а затым сціхалі, хваля арыштаў і затрыманняў, якая пачалася незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе, працягваецца і дагэтуль», – сказала Маскаленка.


Паводле звестак групы, у 2024 годзе больш як 7500 чалавек былі пад судом «паводле палітычна матываваных абвінавачанняў». Гэта на 100 чалавек за месяц больш, чым у 2023 годзе. У групы, заявіла старшыня, ёсць дастаткова доказаў таго, што арыштаваныя паводле палітычных матываў зазнавалі катаванні і жорсткае абыходжанне. Апрача таго, быў падрыхтаваны спіс асобаў і дзяржаўных суб'ектаў, датычных да здзяйснення парушэнняў, і складзеная мапа ўсіх месцаў утрымання пад вартай, дзе былі задакументаваныя катаванні і жорсткае, бесчалавечнае або прыніжальнае абыходжанне.

Яна адзначыла неабходнасць прыцягнення вінаватых да адказнасці міжнароднай супольнасцю, бо Беларусь не расследуе парушэнняў правоў чалавека і не карае тых, хто іх здзяйсняў, наглядна дэманструючы «сваю няздольнасць і нежаданне пераследаваць міжнародныя злачынствы пад яе юрысдыкцыяй».

У той час як у Офісе Святланы Ціханоўскай віталі расследаванне як «падставу для далейшых міжнародных дзеянняў», улады Беларусі папросту адмовіліся супрацоўнічаць з групай, як таго патрабуе рэзалюцыя 55/27 Рады правоў чалавека ААН. А на паседжанні 19 сакавіка сталая прадстаўніца Беларусі пры Аддзяленні ААН у Жэневе Ларыса Бельская зняпраўдзіла ўсе абвінавачванні, назваўшы расследаванне тупіковым і контрпрадуктыўным шляхам. Яна заявіла, што ў Беларусі ў 2024 годзе былі памілаваныя 293 асобы, якія прызналіся ў «злачынствах, звязаных з антыдзяржаўнай дзейнасцю». Таксама, дадала Бельская, у краіне «функцыянуе камісія, якая разглядае запыты грамадзянаў, якія застаюцца за мяжой, аб урэгуляванні іх прававога становішча ў краіне».

Пасля прэзентацыі дакладу выступіць з пытаннямі і рэплікамі запісаліся прадстаўнікі 53 дзяржаваў. У абарону Менску выступілі Эрытрэя, Расея, Судан, Камбоджа, Бурундзі, Венесуэла, Кітай, Куба, Зімбабвэ, Лаос, Іран, КНДР, Егіпет і Шры-Ланка. 39 дзяржаваў падтрымалі даклад і пазіцыю экспертаў.

Рада правоў чалавека ААН. Фота: Ж.-М. Ферре / ООН
Рада правоў чалавека ААН. Фота: Ж.-М. Ферре / ООН

Навошта ўдзельнічаць у Радзе правоў чалавека ААН, не паважаючы яе пастановаў?

У каментары «Белсату» Маскаленка падкрэсліла, што ўлады Беларусі не толькі не здолелі пераканаўча прадэманстраваць, што абараняюць правы чалавека, але нават агулам адмовіліся прызнаваць мандат экспертнай групы, хоць ім прапаноўвалі супрацу і магчымасць выказаць сваю пазіцыю.

«Абыходзяцца з нашай групай, нібы мы былі самазванцамі. Мы атрымалі гэтыя паўнамоцтвы пастановаю Рады правоў чалавека. Вы навошта прыходзіце на Раду правоў чалавека, калі вы не паважаеце яе пастановы? Вы чаму адмаўляецеся ад супрацы, калі ў вас ёсць што сказаць у апраўданне тых фактаў, якія мы маем?» – спытала Маскаленка.

Яна падкрэсліла, што дзеянні ўладаў Беларусі мяжуюць з поўнай забаронай свабоды і маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці.

,,

«Гэта вельмі сур'ёзныя высновы. І паверце, група вельмі шмат працавала з доказамі, перш чым мы прыйшлі да такой высновы», – сказала старшыня групы.


Маскаленка адзначыла, што незалежныя эксперты не толькі выявілі факты і сабралі доказы сур’ёзных парушэнняў фундаментальных правоў чалавека ў Беларусі, але і вызначылі адказнасць як дзяржавы Беларусі, так і канкрэтных асобаў.

Паводле Маскаленкі, расследаванне адкрывае шырокія магчымасці для прыцягнення і дзяржавы Беларусі як суб'екта міжнароднага права, так і канкрэтных асобаў, вінаватых у здзяйсненні парушэнняў правоў чалавека, да адказнасці як міжнароднымі органамі, гэтак і асобнымі краінамі ў межах універсальнай юрысдыкцыі. Менавіта прыцягненне да адказнасці вінаватых у рэпрэсіях супраць беларусаў яна назвала галоўнай мэтай расследавання.

Небяспека рэпрэсіяў узрастае

Экспертка таксама падкрэсліла, што рэпрэсіі ў Беларусі з 2020 года не толькі не слабеюць, а нават узмацняюцца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: «Прававая ініцыятыва»

«Сардэчна запрашаем у гестапа»: Праваабаронцы назвалі імёны сілавікоў ГУБАЗіКу, якія катавалі беларусаў

навіны

«Узровень рэпрэсіўных дзеянняў не зніжаецца, бо ён, па-першае, пакідае на тым жа ўзроўні ўжо ўчыненыя парушэнні, плюс да іх дадаюцца яшчэ новыя парушэнні. Улічваючы колькасць людзей, якія застаюцца ў зняволенні ў сувязі з палітычна матываваным пераследам і абвінавачваннямі, улічваючы колькасць людзей, якія, проста ратуючыся ад гэтых рэпрэсіяў, пакінулі краіну, вы можаце цвёрда быць упэўненымі, што рэпрэсіі не зніжаюцца, а ўзровень рэпрэсіяў напярэдадні так званых выбараў 2025 года, якія прайшлі нядаўна ў Беларусі, толькі ўзрос. Ёсць новыя формы і лічбавага пераследу, і бясконцых працэсаў у адсутнасці асобы, якая хаваецца ад гэтага пераследу», – сказала Маскаленка.

Яна падкрэсліла, што калі людзі дагэтуль масава пакідаюць Беларусь праз пагрозу рэпрэсіяў, «то гэта вельмі моцны індыкатар таго, што гэтыя рэпрэсіі працягваюцца і што яны надалей вельмі і вельмі актуальныя, і, на нашую думку, нават небяспека іх узрастае».

Ян Федаровіч, Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10